Читать «Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Альбер Камю

Я змянiўся тады, i яны зразумелi гэта, пры сустрэчы я цалаваў iм руку, я быў свой сярод iх i ўвесь час захапляўся iмi, я iм давяраў i спадзяваўся, што яны скалечаць маiх, выдзеруць iм языкi, як некалi выдзерлi мне. I калi я даведаўся, што хутка прыйдзе мiсiянер, я зразумеў, што павiнен рабiць. У той дзень, падобны да iншых, такi сама сляпучы дзень, якi доўжыўся цэлую вечнасць, адвячоркам на грэбенi лагчыны раптам узнiк вартавы, ён бег, i колькi хвiлiн пазней мяне зацягнулi ў дом фетыша, зачынiлi за мною дзверы. Са мною застаўся адзiн, ён прымусiў мяне ляжаць, на зямлi, у сутоннi, пагражаючы востраю шабляй, падобнай на крыж, доўга была цiшыня, i потым, нарэшце, нейкi нязвыклы шум напоўнiў заўсёды маўклiвы горад, то былi галасы, якiя я доўга не мог распазнаць, бо яны гаварылi маёю мовай, i як толькi яны прагучалi, лязо апусцiлася мне да вачэй, i мой вартавы пiльна зiрнуў на мяне ў цiшынi. Два галасы наблiзiлiся да нас, я iх чую дагэтуль, адзiн запытаўся, чаму гэты дом вартуюць i цi не трэба выламаць дзверы, мой лейтэнант, другi адказаў: "Не", адрывiстым голасам, i праз хвiлiну дадаў, што заключаны дагавор, горад згаджаецца прыняць гарнiзон з дваццацi салдат - з умовай, што тыя паставяць свой лагер за гарадскiмi мурамi i абавяжуцца паважаць мясцовыя звычаi. Салдат засмяяўся, яны падаюцца, але афiцэр не разумеў, ва ўсякiм выпадку, яны ўпершыню пагадзiлiся кагосьцi прыняць, каб дагледзець дзяцей, i гэтым чалавекам мусiў стаць гарнiзонны свяшчэннiк. Голас зноў засмяяўся, каб не салдаты, яны б адрэзалi таму свяшчэннiку, ён сам разумее - што. "О! - адказаў афiцэр. - Што вы, не. I дарэчы, айцец Бэфор прыйдзе раней ад гарнiзона, ён будзе тут праз два днi". Я болей нiчога не чуў, я ляжаў на зямлi, нерухомы, прыцiснуты вострым лязом, боль працiнаў маё цела, нiбыта ўва мне вар'явалася кола нажоў i шыпоў. Яны звар'яцелi, вар'яты, яны дазваляюць даткнуцца да гэтага горада, да iх непераможнай магутнасцi, да сапраўднага бога, а той, ён хутка мусiць прыйсцi, i яму не адрэжуць язык, ён нагла распушыць свой хвост, выставiць сваю добрасць, i нiчога не сплацiць за гэта, не ўбачыць нават знявагi. Панаванне лiха зноў будзе аддалена, i зноў пачнуцца сумненнi, зноў будзе страчаны час на пустыя мары аб немагчымым дабры, на бясплённыя намаганнi, што нясуць з сабой толькi знямогу, замест таго каб паскорыць прыход адзiна-магчымага царства, я глядзеў на грозны клiнок, што навiс нада мной, о магутнасць, ты адна пануеш над светам! О магутнасць... а горад патроху пусцеў, ацiхаў ад нязвыклага шуму, i вось нарэшце адчынiлiся дзверы, i я застаўся адзiн, спапялёны, спалены горыччу, толькi фетыш быў побач са мной, i я прысягнуў яму ўратаваць маю новую веру, маiх iсцiнных уладароў, майго дэспатычнага бога, здрадзiць, здрадзiць, што б там нi стала!