Читать «Салдацкi лёс (на белорусском языке)» онлайн - страница 4
Василь Быков
- Во i ў нас гэтак было. На Пулкаўскiм. Наш аддзялённы Яфiмкiн першы ўварваўся ў дзот, схапiў кулямёт iхнi... I давай...
- Ты чакай... Ачнуўся, чую - смярдзiць калёным, падняў галаву - млосна i ванiтаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж - ён, праўда, на мне - i недзе рыззё тлее. А пада мной мокра - кроў яго i мая - усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго - камбiнзон у шматы, ўся спiна, знаеш, нiбы ваўкi яе рвалi. Але i я - не дай Бог! Крануўся - чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота - кiрзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў i зноў самлеў.
- Ну! Ведама ж, калi крывi столькi. I яшчэ вады хочацца, ага?
- Во праўда. Смага - гарэла ўсё.
- Гэта ад крывi. Кроў выходзiць - пiць хочацца. Знаю... I з Яфiмкiным так было, ледзь уратавалi. Ну, прадставiлi яго да Героя, а нас - каго да Айчыннай, каго да адвагi...
- Усё ж пашэнцiла. Пачулi сапёры. Унялi кроў, вывалаклi мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралi. Прывязлi ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзiць на прызбе, чакае палкоўнiка да залiвае хлопцам, як немца лавiў. Аказваецца, i ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбеглiся ў лесе, Краўчонак з iм дужа не цацкаўся -куляй цюкнуў у плячо, той i задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак i выгнаў яго на дарогу. Падбеглi байцы - глядзяць, што за звер. А немчык стары такi, з адышкай, даволi плюгаваты - словам, нiкчэмны фрыцок. Адно толькi пагоны нешта дужа кручоныя. Павялi ў штаб, а там як убачылi, як набеглi, - аказаўся генералам, крыж такi меў з дубовымi лiсцямi. Ну яго, канешне, на самалёт i - у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калi раскумекалi ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку - ордэн Ленiна, сяржанта прысвоiлi. Во як! А я ўжо на тым i скончыў - сем месяцаў у шпiталi - адзiнаццаць ран, не жартачкi. Нагу адцяпалi па калена. Во як!
- А мы гэта свае мядалькi праз тыдзень i палучылi. А Яфiмкiн, бедалак, прыходзiць са шпiталю, няма нiчога. Кажуць - на Героя не пацягнуў. Так i застаўся без нiчога.
- Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялi. Як жа - з такiм ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнiк не меў. Дэмабiлiзаваўся - у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставiлi. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.
- Бачыў. З верандай, сiнiм пафарбавана.
- Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нiчога не маю. Толькi думаю: ось жа каму пашэнцiць, а каму i не...
- Гэта так, канешне.
- Во я i кажу.
- Жыццё! Глядзi, а ў цябе ўжо i бульбачка зацвiтае. Скараспелка?
- Ну. Ледзьве пад старасць на жыццё ўзбiўся. А то ўсё па бальнiцах. I, халера на яго, - бо не за тым пабег. Але хто ж ведаў, за кiм было бегчы.
- А я сваю ўжо раз паганяў. Ды дрэнь нешта. Калi б сорт памяняць.
- Ось так яно. А бульба што - вырасце. Хоць драбненькая. Вунь лета быццам нiшто стаiць.
- Лета нiшто. Людскае.
- Ну! А ты кажаш...
1966 г.