Читать «Кошка i мышка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Василь Быков

Мусiць, мышка магла б яшчэ ўцячы, асаблiва калi ў гэтай гульнi апыналася блiз лапухоў, ды ў яе ўсё не ставала рашучасьцi. Зноў жа, яна была аптымiстка, дагэтуль жа нiчога кепскага зь ёй не здарылася. Але во кошка цi, можа, таму што нагулялася, цi зь якой iншай прычыны, дужа цяўкнула мышку ля шыi - ад болю ў той аж памутнела ўваччу. Кошка тым часам паклала мышку ля ног, азiрнулася па бакох, - падобна, яна адпачывала. Цi можа, разважала, каб пусьцiць мышку? Павiнна была б пусьцiць, бо мышцы было блага, наўрад цi яна цяпер магла б уцячы. Але яна спадзявалася.

Яна верыла ў дабрыню, тым болей ад такой ладнай маладой кошкi, якой яна не зрабiла нiчога кепскага. Нават не раззлавалася на яе. Мышка разумела, што ўвогуле кошкi - ворагi мышак, але ж, мусiць, i кошкi бываюць розныя: злыя i добрыя. Таксама, як i мышы. Яна во, напрыклад, зусiм добрая мышка, нiкому нiякага зла не ўчынiла. Не пакрыўдзiла нiводнае кошкi. Навошта ж кошцы забiваць яе? Каб папалуднаваць? Але ж тое можна зрабiць зь якой iншай мышкай, не абавязкова зь ёю.

Кошка ўсё азiралася па бакох, нiбы чакаючы чаго, а мышка нерухома ляжала ў доле i разважала. Разважала пра справядлiвасьць. Усё ж несправядлiва ўладкаваны сьвет, калi адныя iстоты дужыя i нахабныя, а iншыя слабыя i палахлiвыя. Слабым i палахлiвым жывецца кепска, i мусiць, таму яны дбаюць пра справядлiвасьць, дабрыню i спагаду. Ды дужыя не зважаюць на тое. А i праўда, нашто дужым спагада? Дужым патрэбна яшчэ болей сiлы, бо сiлу сiла дае. А што во рабiць беднай мышцы, у якой цi не зусiм перакушаны карак?

Але ж кошка зусiм ня страшная, нават прыгожая - i пыска, i вусiкi, хаця навошта яна аблiзваецца? Што тое значыць?

I раптам кошка страпянулася, зыркнула касымi вочкамi ў бок недалёкага ганку. Мышка сьцялася ўсiм сваiм маленькiм цельцам - на ганку, пагрозьлiва выгнуўшы хвост, стаяў страшны мардаты кот; мабыць, ён ужо згледзеў наводдаль кошку зь небаракай-мышкай. Кошка, пэўна ж, спалохаўшыся, дужа хапнула зубамi мышку i кiнулася пад лапухi.

Там яна разам прыкончыла бедную мышку, апошняй думкай якой было: добра, што яны ўратавалiся ад ката.

Мышка да канца заставалася аптымiсткай.