Читать «Пошукi будучынi (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Кузьма Черный

- Мацi я свае не памятаю, яна даўно памерла, i маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне i нiчога не пiша мне.

Яна пайшла, i ён за ёю. Iдучы за ёю, ён запытаў:

- Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накармiць?

Яна нiчога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылi, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, i той вяла перабiраў нагамi, гнучыся ў крук. Волечка i яе нечаканы госць пачалi памагаць салдату. Гуртам увялi яны немца ў хату i паклалi на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даiла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе i ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:

- Мы з-пад Вiлейкi. (Волечка маўчала, як самая сталая з усiх жанчын свету.) Слухай, я там за равамi бачыў стагi. Паеду прывязу сена, дык i твайму каню будзе.

- А калi хто ўбачыць?

- Я не баюся, я выгнанец.

- Але ж гэта чужое.

- Але ж мяне не пыталi, калi з хворым бацькам з хаты выганялi.

I зноў вялiкая сталасць агарнула Волечку.

- Дык я паеду, а ты брамы не зачыняй.

Тут яна адарвалася ад свае работы i паважна сказала:

- А тут яшчэ гэты немец хворы ў хаце.

- Небыт. I я паездзiў з iм.

Так яны быццам згаварылiся ў нейкай iм толькi адным вядомай справе. Разумеючы адзiн аднаго да канца, яны, як змоўшчыкi, зiрнулi адно аднаму ў вочы. Яна зноў пачала даiць карову, а ён цiха выехаў на пустым возе з двара.

Прайшло гадзiн паўтары, калi ён вярнуўся. Каля аднаго акна ў Вольчынай хаце гарэў агонь. Ён увайшоў. Волечка спала на тапчане ля печы. Салдат паiў ляжачага немца малаком з лыжкi. Волечка ўсхапiлася, як бы электрычны ток працяў яе сонную, калi толькi яе госць увайшоў у хату. Абое разам яны выйшлi ў сенцы.

- Прывёз, - сказаў ён. - Я дам i твайму каню.

- Стаў i свайго да майго ў хлеў.

- А ты iдзi спаць.

Сонная, яна хiстанулася на нагах i шпарка пайшла ў хату. А ён цiха i спакойна зачынiў за сабою сенечныя дзверы. Вераснёвая ноч стаяла над зямлёй. Уся яго iстота напоўнiлася натхнёным адчуваннем гэтай зорнай i цiхай ночы. Ён доўга стаяў пасярод незнаёмага яму двара, на новым сваiм месцы, аб iснаваннi якога раней i не здагадваўся. Свайго i Вольчынага каня ён паставiў да сена i сам лёг на воз, тварам у зоры. Чорныя сiлуэты вялiкiх дрэў вырысоўвалiся перад iм, дзесьцi за гэтай цеснай сялiбай, за цiхай вулiцай, за пахучымi паплавамi, дзе ён нядаўна браў сена. I такая стаяла цiшыня, што здавалася - восень сочыць, цi не парушае што яе спакою. Чутно было, як грукалi конi, перажоўваючы сена. Сонная птушка спалохалася, крыкнула i сцiхла, i залапатаў крыллямi певень. Яблыка адарвалася ад галiны i стукнулася аб зямлю. I зноў надоўга ўстанавiлася цiшыня. Ён спаў на сваiм возе доўга i раптам усхапiўся i сеў. Зорнае неба ўсё таксама распасцiралася ў шырокай вышынi. I смутак лажыўся на яго душу. "Скора дзень. Трэба зноў ехаць. Куды? Чаго? Павошта? Чаго шукаць у шырокiм свеце? Не знойдзецца тое, што прайшло, мiнулася i загiнула ў гарматным агнi i попел ад чаго развейваецца вятрамi далёка адсюль. Адзiн клапатны, з утрапеннем i небытам дзень адышоў у вечнасць, а гэта новы iдзе на яго месца".