Читать «Млечны Шлях (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Кузьма Черный
Бровы ў яго сыходзiлiся дугамi i тонкiя губы сцiскалiся, калi ўвага яго да якога-небудзь шоргату лiстка аб мерзлую кару даходзiла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа i так. Але аднак жа сцiснутыя губы ўздрыгвалi. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што каранiлiся ў душы гэтага чалавека? Як бы там нi было, заўважалася ў iм яшчэ i шпаркае шуканне чагосьцi вачыма. Вочы, вялiкiя i шэрыя, не мелi спакою ўвесь час. Каля вачэй збiралiся густа рысы ўважлiвасцi i да ўсяго навакольнага, i да таго, што рабiлася ў самiм чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчацiннем i куродымам твар белы i з рэдкiмi вяснушкамi. I валасы павiнны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасцi i запушчанасцi быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцiгнуў такi злы лёс, прага ратунку, ад якога забiла ўсё iншае, што калiсьцi жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзiўная шапка, i здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьцi выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць i гэтак. Быў холад. Хоць i не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вiльготнае лiсце, там белая намаразь толькi апаўднi, як пачало паднiмацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнiм пiнжаку, i пад iм адна толькi кашуля, i то мусiць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, якi звiсаў на пiнжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна i зашпiлена на шыi вялiкiм чорным гузiкам. Боты на iм былi нямецкiя, салдацкiя, з нiзкiмi халявамi i цвiкамi ў тоўстай падэшве. А нагавiцы - ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлi i выквацана ў некалькi колераў, як быццам сюды сумысля збiралася ўсё, што толькi дзе напаткаць льга было. Нi тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека i пасля сыходзiў. Рух адбываўся i не зацiхаў у яго душы.
Хмурнасць дня сплывала. З'явiлася сонца. Бялявае святло яго цiха лягло на дрэвы i лiсцвяныя накiды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленiва на зямлi. Дробная птушка пырхнула ўгары i заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухлiну. Птушкi больш пачалi абзывацца. I раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапiўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: "Пара, час настаў!" Бычынае [рыканне] iшло лесам раз-поразу. Жывёлiна забiралася ў самыя высокiя ноты. Жывы голас клiкаў на дапамогу. Чалавек азiрнуўся наўкола, шукаючы кiрунку, адкуль iшоў голас. Ён шпарка рушыў з месца i пакiнуў за сабою трухлявае бервяно, на якое адразу насела многа дробных птушак. Дзень яснеў, i ў паветры цяплела. Бык рыкаў бесперастанку. Чалавек стараўся шпарка перабегчы полем ад лесу да магутных вязаў, з-пад якiх чулася жывёлiна. Пакуль дабегчы да дрэваў, чалавек некалькi разоў азiрнуўся. Ён сцярогся чагосьцi. Можа яму ўвесь свет быў страшан. Бо як толькi ён дабег да першага дрэва, адразу дапаў да яго ўсёй постаццю сваею. Быка ён яшчэ не бачыў. Стаяў, прыцiснуўшыся да дрэва, i выглядаў з-за яго. Птушкi i тут пырхалi ў голлi. Бык рыкаў няспынна. Вось ён! Чалавек убачыў яго. Жывёлiна стаяла ў такой хмызнячнай гушчарнi, што толькi рыжая масць яе дзе-нiдзе прасвечвалася праз крушыннiк. Бык рыкаў, чмыхаў i рваўся. Чалавек выткнуўся з-за дрэва зусiм, нават адышоўся ад яго на крок i застыў у одуме i з выглядам такiм, што ён дапаў да свае чаканай прынаднасцi. Была хвiлiна як бы нерашучасцi: што ж далей рабiць? Ён пiльна разглядаў жывёлiну. Пастава яго ператварылася ў нарыхтаванасць да таго, каб кiнуцца на быка. Ён абышоў вакол крушыннiку i ўбачыў. Задам бык упiраўся ў густы шыпшыннiк, i хвост яго па самыя сцёгны ўцуркаваўся ў калючы зараснiк. Чым больш iрваўся i тузаўся бык, тым мацней ублытваў хвост. Некалькi парасткаў ён раскалываў, а выцягнуць з зямлi i адарваць ад карэння не мог. На абадраных аб калючкi i сукi сцёгнах закарэла кроў. I хвост быў у сухой крывi. Бакi запалi ў ямы. Рэбры хадзiлi пад скурай, пахвiны выцягнулiся, i ён стаў, як дошка. Убачыўшы чалавека, бык выцягнуў шыю i рыкнуў спакайней i цiшэй. Чалавек заўважыў, як спакайнела жывёлiна, i ўзрадаваўся. Ён стаў у позу, падняў крысо ў пiнжаку i выцягнуў аднекуль з-пад свае адзежы нейкую зброю, падобную да вялiкага фiнскага нажа. Трымаючы зброю ў руцэ, ён яшчэ не зрабiў анiякага руху, як раптам твар яго перасмыкнуўся i вочы жахнулiся. Бадай-што ў такой самай паставе, як i ён, з другога боку ад жывёлiны i з шырокiм штыком ад вiнтоўкi ў руках стаяў тут другi ахвотнiк да бычыны. Чалавека ў летнiм пiнжаку ўразiла да жудасцi тое, што гэты, стоячы ў зусiм гатовай паставе, глядзеў не на быка, а на яго.