Читать «Маленькая жанчына (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Кузьма Черный

З-пад залепленых зямлёй вейк вiдны былi вочы, у якiх смяртэльная стома змагалася з выбухамi страшнага агню. Гэта быў позiрк нi з чым не параўнанай прагi да радасцi, здушанай найвялiкшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу i пачуццё адзiноты, але яно не паспела пакласцi сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае цiхага месца ўмiраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьцi каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногi яе пачалi згiнацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулiлася, яшчэ больш паднялiся ўгару плечы, твар усiмi рысамi сваiмi i вачыма ўпаў унiз, i ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву i паехала ўнiз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласцi ёй самой, якая яна была яшчэ некалькi дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялiк ён нi ёсць, ад усiх сваiх пачаткаў i бязмежнасцi сабраўся i ажыў, як вялiкая iстота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам i думкамi, - сумленне кiнула б яго нiц перад гэтым дзiцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў iм сэнс шмат чаго, што ён церпiць на сабе.

Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам унiз, i сцiшылася. Праз паўхвiлiвы яна шпарка адарвала галаву ад зямлi, зiрнула ўгару i зноў упала. I так было многа разоў. Вiдаць, душа яе не паддавалася зморанасцi цела, i кiпела, i рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзiцячым голасам, але гэта плакала дзiця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымi за сябе. У яе ўжо i слёз не было, i вочы былi сухiя, калi яна плакала. Нарэшце лiтасцiвы сон навалiўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасцi i якой бы там нi было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сiроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкiх бомб, самалётаў, бязлiтаснасць, жорсткасць - усё палосамi агню i зямлi iшло ўгару i не давала шчасця быць у забыццi. I так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысцiянства дакляроўвае злачынным душам. I вось яна паднялася i села. Зорнае неба было над ёю, i чорныя дрэвы маўчалi. Стаяла цiшыня. Яна прытулiлася к дрэву. I так, седзячы, адразу заснула i ўжо не чула сама, як галава яе i плечы паехалi па дрэве ўнiз i яна ляжала на зямлi.