Читать «Дзённiк (на белорусском языке)» онлайн
Кузьма Черный
Приятного чтения!
Черный Кузьма
Дзённiк (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Дзённiк
2-га лiпеня 1944 г.
Можа, заўтра, а можа, паслязаўтра наша армiя забярэ Менск. Падыходзiць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, i хвароба мая пакрысе пакiдае мяне. Ад часу, калi я захварэў, прайшло ўжо год i сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынiлася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае i гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо i цяпер як мае быць, лёгка i многа, як i да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! I як я бываю няўдзячан лёсу, калi часамi мяне апаноўвае смутак! Гэтымi днямi я заўважыў, што ўжо добра бачу лiст паперы ўвесь так, каб пiсаць на iм роўным радком, якi б шырокi лiст паперы нi быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць "Пошукi будучынi", мне была пакута выпiсаць роўна загаловак i першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цiмкавiчы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ i немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то напэўна ўжо берлiнскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На двары мокра. Я пiшу, бачу з вакна мокры дах, i ў душы маёй цiхая радасць, вялiкая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзiн. Перад вечарам. Дома са мной толькi адна Iра, любая мая ўцеха1! Заўтра да паўдня трэба напiсаць артыкул для "Известий". Цяжка мне пiсаць па-расейску, а ў iх няма перакладчыка з беларускай мовы... Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (i тае вельмi мала) я апошнiм часам аслабеў.
4-га лiпеня 1944 г.
Учора нашы забралi Менск. Нямецкая навалач прэ з Беларусi на ўсе застаўкi. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабралiся: я, Цiмох Крысько2, Алеся Александровiч3. Больш нiкога няма, усе нашы ў Гомелi. Я выпiў добрую шклянку вiна, гэта ўпершыню пасля хваробы. I нiчога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамiлi ў зводцы, што ўзялi Цiмкавiчы, Вялiкую Раёўку, Жавалкi... Родныя мае мясцiны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогi, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якiя я калi-небудзь пiсаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пiшучы пра Скiп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скiп'ёва каля Цiмкавiч, памiж лясамi Скiп'ёўшчынай i Лiхадзёўшчынай, мiлае малое Селiшча, хараством якога заўсёды захаплялася мая мацi нябожчыца.
5 лiпеня 1944 г.
Яшчэ няма шасцi гадзiн. Толькi што званiлi з радыё. Ледзьве адпрасiўся, каб не пiсаць сёння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымi Баранавiчаў. Жаночы голас быў упарты i непадатлiвы. Значыцца, Баранавiчы, вiдаць, ужо забраны. Раз перадача для загранiцы, то трэба напiсаць аб беларускай нацыянальнай трагедыi, рэшткi старых нямецкiх акопаў, былой польскай гранiцы.
Учора заходзiў Гутараў4 пытацца, што iм рабiць: яны пiшуць нейкi дослед аб Я.Купалу, а "Клiч да беларускага народа"5 i выступленне на першым беларускiм радыёмiтынгу з Казанi зiмой 1941 г. пiсаў Купалу я. Баўдзей6 так проста i ставiць справу, а iншыя не ведаюць, што зрабiць: мне цi Купалу аддаць гэтыя тэксты. Мне i самому ўсё гэта нядобра, але тады не напiсаць гэтага я не мог.