Читать «Буланы (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Кузьма Черный
Пасля Сымон Шрот пагладзiў Буланага па шыi, паглядзеў яму ў зубы, пасля нечага пацерабiўся трохi каля хваста i сказаў Раману Драгуну:
- Я сягоння закалоў два япрукi. Адзiн япрук Юрасёў, а другi Ўладзеў, дык вечарам пайду на свежыну, а цяпер мне час ёсць. Дык я, што робячы, ражку аўса думаў у жорнах змалоць на вобмешку. А тут бачу - ты едзеш... Дык я, паглядзеўшы на твайго Буланага, проста кажу, што з гэтага каня нiчога не будзе - стары i дыхавiчны; я табе кажу, калi ты хочаш ведаць.
Раман Драгун у гэты час выдзьмухваў з вусоў пыл, якi яшчэ з самага ранку пазалазiў туды, але, пачуўшы словы Сымона Шрота, забыўся пра гэтую работу i заявiў:
- То я гэта табе набiваюся з канём гэтым, цi што? За каго ты мяне лiчыш?
- Я не кажу, што ты мне набiваешся з гэтым канём. Я не кажу, што ты не можаш набiвацца. Набiвацца ты можаш, але нашто гэта табе - каня гэтага я ўсё роўна не куплю. Што ты, розуму ў галаве не маеш, цi што; я табе кажу, калi ты хочаш ведаць...
Раман Драгун паволi сеў на Буланага i накiраваў яго на вулiцу. А на вулiцы пачуў голас Сымона Шрота:
- А дзе ты Каштана дзеў?
- Прадаў, - адказаў Раман Драгун i паехаў.
На гэтым гаворка i скончылася, i Буланы цяперка iшоў сабе i ледзь прыметна адчуваў, як яму хочацца аўса, ды яшчэ тое, што так жа не будзе, некуды дайшоўшы, нешта будзе есцi...
Раман жа Драгун аб ядзе не думаў. Перш, як толькi ад'ехаў ён ад Шротавае хаты, дык адчуў думку аб тым, што шыракаверхая старая салдацкая шапка ўсё наязджае на лоб. А пасля прыпомнiў свае справы, што вось трэба будзе гэтага самага каня прадаваць ды купляць другога; а гэта - чорт яго ведае, вельмi ж клопату многа. Няхай бы ён быў сабе i быў, гэты Буланы, i не старэў, i не трэба было яго са свету зводзiць. I як бы нешта падобнае да злосцi шавяльнулася ў iм на Буланага. Праўда, яно то за жыццё прывыклася да гэтага клопату, але нек цяпер вельмi ж многа яго - усякiя гэтыя дробязi збiраюцца ў адно, дык вельмi ж мучаць яны. А тут яшчэ ўсякiя думкi апаноўваюць.
А пасля i гэтая думка сплыла. I тады прыпомнiлася самае важнае, што ўсё рупiла неяк несвядома, знаходзiлася недзе ў глыбiнi iстоты i не афармлялася ў думках, а цяпер неяк раптам выплыла, з'явiлася i выявiлася ўжо як моцнае настойнае разуменне: "Гэта ж Буланага, калi нiхто не купiць, трэба будзе пусцiць пад нож на шкуру, яно то ўсё роўна яму ўжо канчацца, але..."
I тут раптам ужо была новая думка: "А можа яго i купiць хто..." I тут жа выявiлася яшчэ новая думка: "То ўсё роўна ж яго на шкуру купяць..."
I тады ўжо гэта пачало пераходзiць з думак у пачуццi.