Читать «Койданава (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Адам Глёбус

- Добра, што толькi палец згубiў, а не што iншае, - дзядзька засмяяўся.

- А як вы яго згубiлi? - маляваць расхацелася.

- А табе ўсё цiкава...

Расказваць пра сябе Чэсь не любiў. I на цвярозую галаву амаль нiчога не распавядаў. Але галава ў беларускiх дзядзькоў бывае i захмялелая, тады вам i апавяданнi, i смех, i байкi з показкамi, ну i слёзы.

Калi Чэсь моцна напiваўся, дык не iшоў дадому, а заварочваў да сваёй сястры, а маёй бабы - Ядзi. Ён доўга з крэктам разуваўся ў калiдоры, нязграбна бразгаў клямкаю, заходзiў у хату i сядаў за стол. Казаў, што дадому ён такi п'яны не пакажацца, а пасядзiць тут, пакуль працверазее. Ядзя ведала, што да ранiцы ён не паправiцца, i слала чыстыя прасцiны на канапе ў зале. Але Чэсь наравiста зiркаў на сястру, упарцiўся, не iшоў спаць, а сядзеў за пустым сталом i абураўся, чаму гэта ягоная прыгожая сястра пайшла за маленькага, тоўстага Бронiка Кiсяля, а не знайшла сабе высокага i кучаравага хлопца, як яе браты. Бронiк адно пасмейваўся, бо ўсе ведалi, што i Чэсева жонка Алена анi блiзка не мае той прыгажосцi, якую Бог даў Ядзi. Часам Бронiк садзiўся за стол, каб Чэсю было каму расказваць, каб ён выгаварыўся i яму зрабiлася лягчэй. Чэсь гаварыў пра партызанаў, Маскву, немцаў, Берлiн, забойствы...

У расейскiх партызанах Чэсь прабыў месяцы тры. На самалёце яго перакiнулi праз фронт у Маскву, дзе ён правучыўся ў разведчыцкай школе ажно да самага канца вайны. I калi Масква адсвяткавала перамогу над Берлiнам, для Чэся толькi i пачалася вайна. Яго накiравалi ў Германiю, дзе Чэсь павiнен быў адшукваць асуджаных завочна ваенных злачынцаў. Праца гэтая была зусiм не для такiх, як ён. За два гады ў Нямеччыне Чэсь так змянiўся, высах, зблажэў, што калi вярнуўся ў Койданава, дык яго ледзь пазнавалi сваякi. Зрэшты, гэта i нядзiўна.

Прахварэў дзядзька Чэсь больш як год, i яго ўрэшце камiсавалi.

- Не магу я людзей забiваць! Ядзя, чуеш? Не навучыўся, - мармытаў Чэсь, седзячы за пустым сталом. - А цi ж можна прывыкнуць забiваць па графiку? А ў нас у iнтэрнаце на сцяне такi графiк вiсеў. Надыходзiць твой дзень, бярэш зброю, iдзеш у камеры i страляеш. Адны перад смерцю плакалi, другiя малiлiся, а знаходзiлiся i такiя, што маўчалi. А ты заходзiш у камеру i страляеш, страляеш. I ведаеш: праз тыдзень зноў твая чарга, зноў пойдзеш i застрэлiш чалавека, а потым нап'ешся, як скацiна. А быў немец, якога я так i не змог забiць. Адчынiў дзверы, а ён устаў з ложка i глядзiць на мяне. Я ўзняў пiсталет i стрэлiў яму ў грудзi. А ён як стаяў, так i стаiць гарою. Я нацiснуў курок, але пацэлiў толькi ў руку. Захваляваўся. А ён пайшоў на мяне, ускiнуў здаровую руку з кулаком i пайшоў на мяне. Перапужаўся я, выскачыў з камеры i дзверы на ключ зачынiў. Вярнуўся да маёра i кажу, што больш людзей страляць не буду. А маёр пачаў, што гэта i не людзi зусiм, яны твайго бацьку ў хляве зачынiлi i хлеў той газаю аблiлi i падпалiлi... А я ўсё адно паўтараю - не буду болей забiваць.