Читать «Пра каханне i вераломства (на белорусском языке)» онлайн - страница 3
Анри Труайя
- Ах ты, iдыёт! - захрыпеў Жан. - Ты што, забыўся, што я сам амаль чатыры месяцы толькi i думаў, як парваць з ёю! А Дэнiза мне толькi аблегчыла ўсё... Яна...
- Пачакай, Жан! Ты мне нiколi не гаварыў пра свой намер.
- Толькi таму, што я чалавек сцiплы i выхаваны!
- Ну, ведаеш...
- Паслухай, Жэром, павер мне: сёмага снежня, як я iшоў ад Дэнiзы, я быў самы шчаслiвы чалавек на зямлi, я быў...
- I таму ты вырашыў кiнуцца пад машыну?
- Ды нiкуды я не кiдаўся, - зароў Жан. - Паслiзнуўся, страцiў раўнавагу вось i ўсё!
Жэром хiтра ўсмiхнуўся, даючы зразумець, што такога чалавека, як ён, не так проста абвесцi вакол пальца.
- Цудоўна! Генiяльна! - сказаў ён. - Толькi вось сведкi на гэты конт маюць iншую думку. "Гэта быў свядомы ўчынак чалавека, якi страцiў усялякую надзею i ўпаў у адчай", - вось што ў адзiн голас паўтараюць сведкi.
Жан ужо не мог больш трываць.
- Якiя сведкi?! Што ты мелеш? А Дэнiза? У яе вы спыталiся? Яна што, не магла растлумачыць?..
- Вось яна нам i растлумачыла, што чалавек ты звышадчувальны, тонкi, далiкатны i што яна дарэмна не патурбавалася, каб прыняць пэўныя меры перасцярогi.
Тая частка Жанавага твару, што вiднелася з-пад бiнтаў, пакрылася потам. Ён задыхаўся. У вачах з'явiлася штосьцi дэманiчнае.
- Вось што я табе скажу: я нiколi не кахаў i не кахаю Дэнiзу! Я ненавiджу яе! Няхай мне яе на талерачцы прынясуць, голенькую, i я скажу: "Не". Яна распаўнела! Нiякага выгляду не мае! Зубы дрэнныя! Ходзiць, як качка! Апранацца не ўмее! Пазногцi i то дагледзець не можа!
- Ну-ну... Расказвай байкi... - перапынiў яго Жэром са сваёй хiтрай усмешкай.
Спляжаны, зняможаны Жан адкiнуўся на падушку.
- Ведаеш, - працягваў Жэром, - не трэба тут паказваць свой гонар. Ну што тут такога абразлiвага, калi чалавек кахае жанчыну, ды кахае так, што гатоў богу душу аддаць, калi даведваецца, што яго не кахаюць?
Жан заплюшчыў вочы i нiбы збiраў усе свае сiлы для апошняга слова.
- Жэром! - ледзь прабiўся яго цiхi голас. - Я не хачу цябе бачыць. Iдзi адсюль. Iдзi i нiколi больш не прыходзь.
А Жэром быццам i не чуў гэтых слоў. Ён асцярожна папраўляў коўдру i супакойваў хворага:
- Ай-яй-яй, варушышся, круцiшся. Прастудзiшся яшчэ. Вось дзiвак!
- Не называй мяне так! Я забараняю табе!
- Дарэчы, ты ведаеш, што вечарам да цябе зойдзе наш шэф Маландрэн?
- Пляваць мне на яго! - чуеш?! - на ўсiх мне напляваць!
Ён хацеў прыўзняцца на адзiн локаць, але рэзкi боль прымусiў яго зноў упасцi на падушку. I нiбы праз туман бачыў ён, як Жэром устаў, апрануў палiто i ўзяў свой капялюш...
* * *
У той самы вечар у шпiталi з'явiўся месьё Маландрэн - невысокi тоўсценькi чалавечак з чорнымi блiскучымi вачыма.
- Вiтаю вас, дарагi, - бадзёра пачаў шэф, - i вiншую! Вiншую вас з тым, што вы нарэшце парушылi будзённае цiхаплыннае жыццё нашага бюро!
- Месьё Маландрэн, мне прыемна гэта чуць ад вас, але што я такое зрабiў, каб... - адказаў, запiнаючыся, Жан.
- Вось гэта прыгода дык прыгода! Вы ведаеце, Жан, я ў захапленнi ад вас.
- Месьё Маландрэн, што вы, што вы, я...