Читать «Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Алексей Толстой

У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, пiскнуў вясёлы галасок:

- Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!

Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькi здзiўлена азiраўся, адкуль голас?

- Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параiў, вазьму, бадай-што, тваё палена.

Тады Джузэпэ схапiў палена i хутчэй сунуў яго сябру. Але цi ён нязручна сунуў, цi яно само падскочыла i стукнула Карла па галаве.

- Ах, вось якiя твае падарункi! - пакрыўджана крыкнуў Карла.

- Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.

- Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?

- Не, дружа, - вiдаць, само палена цябе стукнула.

- Хлусiш, ты стукнуў...

- Не, не я...

- Я ведаў, што ты п'янiца, Шызы Нос, - сказаў Карла, - а ты яшчэ i манюка.

- Ах, ты - лаяцца! - крыкнуў Джузэпэ. - А ну, падыдзi блiжэй!..

- Сам падыдзi блiжэй, я цябе схаплю за нос!..

Старыя абодва надзьмулiся i пачалi наскакваць адзiн на аднаго. Карла схапiў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапiў Карла за сiвыя валасы, што раслi каля вушэй.

Пасля гэтага яны пачалi заўзята дубасiць адзiн аднаго кулакамi. Прарэзлiвы галасок на варштаце ў гэты час пiшчаў i падбухторваў:

- Лупi, лупi як след!

Нарэшце старыя стамiлiся i засаплiся. Джузэпэ сказаў:

- Давай памiрымся, цi што...

Карла адказаў:

- Ну што ж, давай памiрымся...

Старыя пацалавалiся. Карла ўзяў пад паху палена i пайшоў дахаты.

Карла майструе драўляную ляльку i называе яе Бурацiна

Карла жыў у каморцы пад лесвiцай, дзе ў яго нiчога не было, апрача прыгожага камiнка - у сцяне насупраць дзвярэй.

Але прыгожы камiнак, i агонь на камiнку, i кацялок, што кiпеў на агнi, былi не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна.

Карла зайшоў у каморку, сеў на адзiнае крэсла каля бязногага стала i, пакруцiўшы i так i гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку.

"Як жа мне яе назваць? - думаў Карла. - Назаву хiба я яе Бурацiна. Гэта iмя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, - усiх iх звалi Бурацiна: бацька Бурацiна, мацi - Бурацiна, дзецi - таксама Бурацiна... Усе яны жылi весела i бесклапотна..."

Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым - лоб, потым - вочы...

Раптам вочы самi расплюшчылiся i ўтаропiлiся на яго...

Карла i выгляду не падаў, што спалохаўся, толькi ласкава спытаў:

- Драўляныя вочкi, чаму вы так дзiўна гледзiце на мяне?

Але лялька маўчала, - мабыць таму, што ў яе не было рота.

Карла выстругаў шчокi, потым выстругаў нос - звычайны...

Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расцi, i атрымаўся такi доўгi востры нос, што Карла нават крэкнуў:

- Нядобра, даўгаваты...

I пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабiць гэта было не так проста. Нос круцiўся, выкручваўся, так i застаўся - доўгiм-доўгiм, цiкаўным, вострым носам.

Карла ўзяўся за рот. Але толькi паспеў выразаць губы, - рот адразу адкрыўся:

- Хi-хi-хi, ха-ха-ха!

I высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькi чырвоны язык.

Карла, ужо не звяртаючы ўвагi на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць... Зрабiў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукi...