Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 55

Жорж Сименон

- Чым жа тады яны займаюцца? - спытаўся Мэгрэ ў Жанв'е.

- Спяць, гуляюць у карты, раскладваюць пасьянс, - адказаў Жанв'е. - Адна, як угледзiць мяне з акна, дык язык паказвае. А ўчора ўзяла, павярнулася да мяне заднiцай ды падняла халат!

Аднойчы ўранку камiсару патэлефанавалi з Марселя. Размова была доўгая. Пасля яе Мэгрэ адразу ж падняўся ў картатэку i прабыў там прыкладна гадзiну. Потым спусцiўся ў архiў - i там затрымаўся на добрую гадзiну.

Было прыблiзна адзiнаццаць, калi камiсар сеў у машыну.

- Ну вулiцу Ангулем.

За домам назiраў Лапуэнт.

- Усе там?

- Не, адна выйшла. Вiдаць, у краму.

Камiсар нацiснуў на званок у дзвярах. Зварухнулася фiранка. Неўзабаве гаспадыня адчынiла дзверы. Як заўсёды, яна была ў халаце i ў пантофлях.

- Што гэта? Сам шэф уласнай персонаю? Вашым малойчыкам яшчэ не надакучыла бадзяцца ў нас пад вокнамi?

- Арлета дома?

- Паклiкаць яе?

- Не, дзякую. Я лепш сам падымуся.

Гаспадыня засталася ў калiдоры - усхваляваная, глядзела ўслед камiсару.

Падняўшыся на другi паверх, Мэгрэ пастукаў у дзверы.

- Калi ласка!

Арлета, як i ўсе тут заўсёды, ляжала ў халаце на непрыбраным ложку i чытала нейкi танны раманчык.

- Гэта вы?

- Я. - Мэгрэ паклаў капялюш на куфар i прысеў на крэсла.

- Хiба гэтая гiсторыя яшчэ не скончылася? - здзiвiлася Арлета.

- Яна скончыцца, калi мы знойдзем забойцу.

- А вы ўсё яшчэ не знайшлi? Думала, вы хiтрэйшыя. Спадзяюся, нiчога страшнага, што я ў халаце?

- Нiчога.

- Вы да ўсяго павiнны былi прывыкнуць, - усмiхнулася дзяўчына. Не падымаючыся з ложка, яна пасунулася блiжэй да камiсара, i ў яе агалiлiся грудзi. Мэгрэ зрабiў выгляд, што нiчога не заўважае.

- Гэта ўсё, чым вы можаце адказаць? - стрэлiла Арлета.

- На што?

- На тое, што бачыце.

Мэгрэ змаўчаў.

- Хочаце? - Дзяўчына паднесла руку да крыса халата.

- Дзякую.

- Дзякую - хочаце?

- Дзякую - не.

- Што з вас возьмеш: пенсiянер...

- Табе не абрыдла замалёўвацца?

Яна закрыла халатам грудзi i прысела.

- Што вы ад мяне хочаце?

- Твае бацькi ўсё яшчэ думаюць, што ты працуеш у краме?

- Вас гэта хвалюе?

- Ведалi б яны, чым ты займаешся...

- Вы iм гэта хочаце распавесцi?

- Мажлiва.

Цяпер яна ўжо занепакоiлася.

- Вы што, ездзiлi ў Клермон-Феран? Бачылi бацькоў?

- Яшчэ не.

Раптам Арлета ўскочыла з ложка, кiнулася да дзвярэй i адчынiла iх. Там стаяла гаспадыня.

- Дык ты падслухоўваеш?

- Я хацела ўвайсцi.

- Пакiнь мяне ў спакоi! Не стой тут, чуеш?

Мэгрэ i не паварушыўся.

Дзяўчына вярнулася i села на ложак.

- Вы жывяце тут ужо год, - распачаў Мэгрэ. - Бавiце ў гэтым доме амаль увесь час i ведаеце пра ўсё, што тут адбываецца. Цi бываў тут адзiн чалавек, якi прыходзiў раней досыць часта, але пасля смерцi пана Луi нагою сюды не ступiў?

Зрэнкi ў дзяўчыны, здавалася, звузiлiся. Яна яшчэ раз падышла да дзвярэй, прыслухалася. Але за дзвярыма нiкога не было.

- Ва ўсякiм разе, ён прыходзiў не да мяне.

- А да каго?

- Самi ведаеце. Думаю, мне трэба апрануцца.

- Навошта?