Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 32
Жорж Сименон
Паркет ззяў.
- Я вам тут напэцкаю...
- Нiчога страшнага.
Абсталюнак прыкладна такi ж, што i ў доме Турэ. Амаль такiя ж забаўкi на палiчках. Фатаграфiя палiцэйскага, да рамкi прымацаваны медаль.
- Я прыйшоў пагаварыць з вамi пра пана Луi.
- Я гэтага чакала.
Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.
- Сядайце, калi ласка.
- Дзякую. Вы былi блiзкiмi сябрамi, цi ж не так?
- Ён быў вельмi добры да мяне.
- I толькi?
- Магчыма, кахаў мяне. Ён жа нiколi не быў шчаслiвы ў сям'i.
- Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалi ў Капланаў?
- Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.
- I Турэ нават не спрабаваў зблiзiцца з вамi?
- Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як i на любую iншую жанчыну з нашага аддзела.
- Значыцца, вы сустрэлiся зноў пасля закрыцця фiрмы?
- Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерцi мужа.
- Выпадкова?
- Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу - вы ж разумееце, на пенсiю ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёмiла мяне з дырэктарам кiнатэатра, i я ўладкавалася бiлецёркаю. Пры жыццi мужа я не працавала, хiба што кароткi час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пiсаць пра мяне?
- Не. Можаце не баяцца.
- Дырэктар такi строгi, я магу страцiць месца... Дык вось, у кiнатэатры мы з панам Луi i сустрэлiся... Неяк на ранiшнiм сеансе. Ён прыйшоў на фiльм "Вакол свету за восемдзесят дзён"... Я яго пазнала, калi паказвала, дзе сесцi. Ён таксама пазнаў мяне. Нiякай асаблiвай размовы тады памiж намi не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзiць да нас i заўсёды на ранiшнiя сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзiць з iм у кавярню. Я згадзiлася.
- Ён тады ўжо здымаў пакой на вулiцы Ангулем?
- Думаю, здымаў.
- Ён казаў, што нiдзе не працуе?
- Не. Сказаў толькi, што ўдзень заўсёды вольны.
- I вы так i не даведалiся, чым ён займаўся?
- Не. Я нiколi б не стала ў яго пра гэта пытацца.
- А пра жонку цi дачку ён расказваў?
- Шмат.
- Што менавiта?
- Ведаеце, цяжка перадаць... Калi чалавек няшчасны ў сям'i, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'i, пенсiя... Яны ўсе папракалi Луi за тое, што ён не iмкнецца знайсцi што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...
- Куды ж вы, прабачце, хадзiлi ўдваiх?
- Амаль заўсёды ў адну i тую ж кавярню на вулiцы Сэнт-Антуан. Мы маглi гаварыць гадзiнамi.
- Вы любiце пышкi?
- Адкуль вы ведаеце?
- Я ведаю, што пан Луi купляў iх вам на вулiцы Акацый.
- Гэта было пазней, калi...
- Калi вы сталi хадзiць да яго ў пакой?
- Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваiм закуткам... Вельмi ганарыўся iм...
- Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?
- Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькi гадзiн у дзень.
- Ён купляў вам каштоўнасцi?
- Пярсцёнак, зусiм нядаўна. - Жанчына паказала пярсцёнак на руцэ. - Ён быў такi добры, такi чулы! Яму была патрэбная падтрымка. Я ведаю, што вы думаеце пра мяне, але перш за ўсё я была яму сябрам, адзiным сябрам.
- А сюды ён прыходзiў?