Читать «Трапiзмы (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Натали Саррот

А жанчыны, што насцярожана старалiся пазбягаць поўных прыгожанькiмi рэчамi крамак, гарсоны ў кавярнях, студэнты ў медыцыне, палiцыянты i агенты ўсiх марак, натарыяльныя пiсары, Пруст цi Рэмбо, вырваныя з жыцця, выкiнутыя з яго прэч i пазбаўленыя падтрымкi, мусiлi без мэты бадзяцца па вулiцах цi драмаць, апусцiўшы голаў на грудзi, у якiм-небудзь запыленым скверыку.

XIII

Iх можна было ўбачыць паўсюль, яны бегалi ўздоўж вiтрын: стан вельмi просты, крыху скiраваны наперад, ногi нягнуткiя, трошкi рассунутыя зграбныя ступачкi ўздыблены на вельмi высокiх абцасах, што гучна цокаюць аб тратуар.

З заўсёднаю сумачкай пад рукой, у пальчатках, у абавязковым, трошкi - у самы раз - ссунутым набок капялюшыку, з доўгiмi, шорсткiмi - нiбыта ўторкнутымi ў павекi - вейкамi, з напружаным позiркам, яны перабягалi ад крамы да крамы, раптам спынялiся, зырылi - прагным, спрактыкаваным вокам.

Вельмi трывушчыя, вельмi дужыя, вось ужо некалькi дзён яны з вялiкаю мужнасцю насiлiся па ўсiх крамах, шукаючы "ангельскага гарнiтурчыка спартыўнага крою", з тоўстага ўзорнага цвiду, "ну, з гэткiм узорчыкам, я так яго добра ўяўляю, у такiя шэра-блакiтныя краткi... Ах! У вас няма? А дзе можна знайсцi?" - i зноў пачынаўся пошук.

Блакiтны гарнiтурчык... шэры гарнiтурчык... Iх вылупленыя вочы - шнарылi, шукалi яго... Спакваля ён апаноўваў iх усё мацней i мацней, ён падпарадкоўваў iх самаўладна, рабiўся абсалютна неабходны, ператвараўся ў мэту ў сабе, i яны, ужо самi не ведаючы нашто, - мусiлi гэтай мэты дабiцца.

Яны кiдалiся, беглi, адважна (iх ужо нiчога не магло спынiць) лезлi па цёмных лесвiцах на пяты, на шосты паверх, "у спецыялiзаваныя крамы, што гандлююць ангельскiм цвiдам, ужо там, безумоўна, гэта можна будзе знайсцi", i зноў, з лёгкай прыкрасцю (бо яны пачыналi стамляцца, у iх ужо апускалiся рукi), яны нiбыта малiлi: "Ды не, не, вы ж разумееце, што я хачу сказаць: у такiя маленькiя краткi, з дыяганальнай палоскай... ды не, не такi, зусiм не... Ах! У вас такога няма? А дзе ж мне знайсцi? Я ўжо была ўсюды... Ах! Можа быць яшчэ там? Ну што ж, зараз пайду... Да пабачэння... Вядома, вялiкi жаль, вядома, можа, другiм разам..." - i яны прыязна ўсмiхалiся, нягледзячы нi на што, добра выхаваныя, добра выцвiчаныя за ўсе тыя доўгiя гады, калi яшчэ разам з мацi бегалi, каб падабраць хоць нешта, каб "з нiчога прыбрацца хоць у нешта прыстойнае", "бо маладой дзяўчыне - трэба ж столькi ўсякага рознага i трэба ўмець выкручвацца".

XIV

Яна заўсёды маўчала, цiха сядзела ў куточку, сцiпла схiлiўшыся, лiчачы пошапкам - яшчэ накiд, два вочкi направа, тры налева, цяпер направа ўвесь радок, такая жаноцкая, непрыкметная (не звяртайце ўвагi, мне тут вельмi добра, мне нiчога не трэба), - але яны ўвесь час адчувалi, нiбы асаблiва чуллiвым месцам на скуры, чулi яе прысутнасць.