Читать «Парыж ня бачыў я нiколi (на белорусском языке)» онлайн

Владимир (2) Орлов

Приятного чтения!

Орлов Владимир (2)

Парыж ня бачыў я нiколi (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

"Парыж ня бачыў я нiколi"

Нататкi з нагоды

Менск. Красавiк. Бронзавы Лукiч на пляцы перад Домам ураду трымае ўсунуты кiмсьцi з забастоўшчыкаў яму ў рукi бел-чырвона-белы сьцяг. Разгар страйкаў у сталiцы ды ў iншых беларускiх гарадох, а таму ацэнкi могуць грашыць празьмерным аптымiзмам i ад iх лепш устрымацца. Але што б там нi было, цяпер ужо нi ў кога язык не павернецца назваць Беларусь запаведнiкам непалоханых партакратаў.

Сёлета мы ўжо другi раз адкрыта адзначалi чарговую гадавiну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублiкi. Вядома, сумеры нашага Дня Волi пакуль што цяжка параўнаць са сьвяткаваньнем Дня незалежнасьцi ў Балтыi. Дый завяршылася сьвята 25 сакавiка гераiчнай начной апэрацыяй: выконваючы загад вярхоў, якiя яшчэ маглi, доблесныя менскiя "пажарнiкi" сарвалi з будынку "Белрэстаўрацыi" ў Траецкiм прадмесьцi асьвячоныя царквою нацыянальныя сьцягi. Тым ня менш, апошнiя падзеi сьведчаць: iдэя незалежнасьцi ўжо выйшла за межы вузкага кола нацыянальнае iнтэлiгенцыi. Сярод мноства антыкамунiстычных, антыгарбачоўскiх i iншых "анты" лёзунгаў на красавiцкiх мiтынгах мне ўрэзаўся ў памяць плякат, якi трымаў на плошчы Ленiна (з трыбуны зноў i зноў гучаў vох рорuli - заклiк назваць яе пляцам Незалежнасьцi) хлапчына з чорнымi абадкамi пазногцяў. На плякаце было напiсана: "Нынешнее поколение будет жить в независимой Беларуси!"

Лёгiка гiсторыi цьвердзiць: у гэтага рабочага хлопца шанцаў нязьмерна болей, чым у тых, хто, выступаючы ад iмя гегемону, сем дзесяцiгодзьдзяў спакушаў народ прывiдам зямнога раю. Прынамсi таму, што ў iх нiякiх гiстарычных шанцаў, здаецца, ужо няма.

Iснуе гэтак званая "пашыраная думка", што ў апошнiя трыццаць гадоў андэрграўнда ў беларускай лiтаратуры не йснавала. Сёй-той гэтую думку не падзяляе. У прыватнасьцi, супрацоўнiкi Камiтэту дзяржаўнай бясьпекi, якiя займалiся ў 1973-74 гадох аўтарамi наваполацкага самвыдавецкага лiтаратурнага альманаху "Блакiтны лiхтар". У пятнаццацi выдадзеных рукапiсных нумарох зьмяшчалiся зусiм ня ўзоры "сацрэалiзму". Былi там i паэтычныя экзэрсiсы, што мелi нейкае дачыненьне да эротыкi, i абсалютна бяскрыўдныя практыкаваньнi ў "чарнiльнай лiрыцы", накшталт трыялету "Парыж ня бачыў я нiколi":

Парыж ня бачыў я нiколi

I ад таго чарнiла п'ю.

Сумую я аб сваёй долi:

Парыж ня бачыў я нiколi.

Бутэлька выпiта - даволi,

Сяджу на крэсьле i пяю:

Парыж ня бачыў я нiколi

I ад таго чарнiла п'ю.

Але галоўнае: студэнты Наваполацкага палiтэхнiчнага iнстытуту Вiнцэсь Мудроў, Валеры Шлыкаў, старшаклясьнiк Андрэй Грабаў i iхнiя сябры казалi ў сваiх вершах пра тое, аб чым шмат хто з масьцiтых нашых лiтаратараў адважыўся сказаць на поўны голас толькi ў эпоху "гласности": што "як раней мужык наш мае ўсё ў плямах сонца", што загналi ў кут i дабiваюць мову...

Размаўляю па-беларуску...

Як у трамваi глядзяць на зайца,

Так глядзяць на мяне этрускi

Ад Асьвеi да Лунiнца.

Жыцьцё паэтаў "Блакiтнага лiхтара" склалася па-рознаму. Трагiчнай загадкаю застаецца сьмерць у каравуле, на службе ў Савецкай Армii, Андрэя Грабава, бадай, самага таленавiтага, якi ў восьмай клясе пiсаў: