Читать «Гарэла сьвечка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Владимир Орлов

У той час Коля Кiрпiчонак ужо даўно будзе служыць у КГБ, а Вова Цымэрман на ўсякi выпадак зьедзе ў Iзраiль i, напэўна, не даведаецца, што Хатынь спалiлi ўкраiнцы, асьвейскiх гэбраяў i беларусаў стралялi й палiлi ў хатах латышы, а на Глыбоччыне й Лепельшчыне лютавалi, пакуль не перакiнулiся замольваць грахi да партызанаў, "русские воины" з аддзелаў Радыёнава.

Шмат чаго будзе потым, але пакуль - пра згаданую жамярыцу дзiцячага сумневу.

Можа, яна завалтузiлася ў той далёкi Дзень Перамогi, калi я ўпершыню ўбачыў бацьку на моцным падпiтку. Спачатку ён зьняў з свайго пракурорскага кiцелю ордэн Чырвонае Зоркi й дзясятак мэдалёў, а тады ўзяўся нам зь сястрычкаю апавядаць нешта падазрона негераiчнае, што зачапiлася ў маёй памяцi абрыўкамi павучынак з задаўненага бабiнага лета: пра панiчнае адступленьне "нашых" па стэпе да ракi Дон, пра вiнныя скляпы вугорскага графа, дзе ў вiне з расстраляных бочак патанулi колькi дзясяткаў п'яных салдацiкаў i пра нейкага свайго сябра, якога за нейкую Дусю застрэлiў чалавек зь дзiўным прозьвiшчам Сьмершавец... Блытаныя ўспамiны скончылiся тым, што бацька заплакаў i, мабыць, помсьцячы таму Сьмершаўцу, прабiў сваiм пяцiфунтовым кулаком сьценку нашае фанэрнае шафы. Я плакаў ад страху. Малая сястрычка румзала, бо хацела паглядзець салют. Мама таксама плакала, цэлы вечар выцягваючы з разьбiтай бацькавай рукi стрэмкi. Такiм, у сьлязах, i запомнiлася тое сьвята.

А можа, дзiцячая яснасьць успрыманьня мiнулае вайны ўпершыню ўскаламуцiлася, калi на iншы Дзень Перамогi бацькаў брат дзядзька Санька зацягнуў песьню, дзе былi загадкавыя ды зь вiдавочным прысмакам неасэнсаванае брыдкасьцi словы пра савецкага камандзiра, якi спачатку камандаваў ротамi, а потым

В Ленинград пробирался болотами,

Целку ломая вдовы.

А мо вiнаватыя былi асьцярожныя мамiны прыгады пра фольксдойча Паўля зь нямецкага гарнiзону iхнае прыдняпроўскае вёскi, пра Паўля, якi паведамляў вяскоўцам, калi будуць хапаць моладзь на работу ў Нямеччыну або забiраць каровы, якi меў пасьведчаньне нямецкае антыфашыстоўскае арганiзацыi, яўна падабаўся маёй маме i танцаваў зь ёю на вячорках, якi перадаваў патрэбныя партызанам зьвесткi i ў вынiку быў зь нечага загаду застрэлены крыху зьбянтэжанымi хлопцамi зь лесу проста за хатаю, куды прынес iм чарговую паперку зь нейкiмi лiчбамi й малюнкам?