Читать «Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)» онлайн - страница 36

Агата Кристи

- Баюся, не, мiстэр Пуаро.

- Галоўны канстэбль таксама не можа пахвалiцца сяброўскiмi адносiнамi з iмi. Яго сувязi з крымiнальнiкамi заўсёды былi строга афiцыйныя. У мяне - не гэтак. Аднойчы я меў вельмi прыемную гутарку з рабаўнiком. Ён расказаў мне цiкавую штуку пра французскiя вокны - трук, якi часам можа выкарыстоўвацца, калi запор даволi свабодны.

Гаворачы, ён павярнуў ручку левага акна, прэнт пасярэдзiне выйшаў з адтулiны ўнiзе, i Пуаро пацягнуў абедзве палавiны французскага акна да сябе. Ён шырока расчынiў iх, а потым зачынiў зноў - зачынiў, не паварочваючы ручку, каб прэнт не апусцiўся ў свой паз. Ён выпусцiў ручку, хвiлю пачакаў, а потым рэзка стукнуў знiзу ўгору па цэнтры прэнта. Ад удару прэнт апусцiўся ўнiз у паз - ручка сама павярнулася.

- Вы бачыце, мадэмуазель?

- Думаю, так.

Сьюзен аж пабялела.

- Акно зараз зачынена. Немагчыма ўвайсцi ў пакой, калi акно зачынена, але можна выйсцi з пакоя, пацягнуць створкi звонку, потым стукнуць, як я зрабiў, i запор iдзе ўнiз, паварочваючы ручку. Акно, такiм чынам, шчыльна зачынена, i кожны, хто паглядзiць на яго, скажа, што яно было зачынена знутры.

- Гэта тое... - Голас Сьюзен злёгку задрыжаў. - Гэта тое, што адбылося ўчора вечарам.

- Думаю, тое, мадэмуазель.

Сьюзен з роспаччу сказала:

- Я не веру нiводнаму гэтаму слову.

Пуаро не адказаў. Ён падышоў да камiннай палiцы. Потым рэзка павярнуўся.

- Мадэмуазель, прашу вас быць за сведку. Я ўжо маю аднаго сведку, мiстэра Трэнта. Ён бачыў, як я знайшоў гэты маленькi асколачак люстра ўчора вечарам. Я казаў пра яго яму. Я пакiнуў яго там, дзе ён быў, для палiцыi. Я нават сказаў галоўнаму канстэблю, што разбiтае люстра - гэта важны ключ. Але ён не надаў значэння майму намёку. Зараз вы сведка таго, як я кладу гэты асколачак люстра (на якi, памятайце, я ўжо звярнуў увагу мiстэра Трэнта) у маленькi канверт, вось так. Сказана - зроблена. I я пiшу на iм - так - i запячатваю. Вы сведка, мадэмуазель?

- Але... толькi... толькi я не ведаю, што гэта значыць.

Пуаро перайшоў на другую палавiну пакоя. Ён стаяў перад сталом i пiльна глядзеў на раструшчанае люстра на сцяне насупраць.

- Я скажу вам, што гэта значыць, мадэмуазель. Калi б вы стаялi тут учора вечарам, гледзячы ў гэтае люстра, вы маглi б убачыць у iм, як адбывалася забойства.

12

Упершыню ў жыццi Рут Шэвенi-Гарэ - зараз Рут Лэйк - прыйшла снедаць своечасова. Эркюль Пуаро быў у зале i адвёў яе ўбок, перш чым яна зайшла ў сталовую.

- У мяне ёсць адно пытанне да вас, мадам.

- Слухаю.

- Вы былi ў садзе ўчора вечарам. Цi ступалi вы хоць раз на клумбу, што за акном кабiнета сэра Гервазы?

Рут здзiўлена паглядзела на яго.

- Так, двойчы.

- А! Двойчы. Як двойчы?

- Першы раз я рвала астры нейдзе каля сёмай гадзiны.

- Вам не здаецца, што гэта быў даволi дзiўны час, каб iрваць кветкi?

- Так, праўда. Я нарвала кветак учора ранiцай, але Ванда сказала пасля гарбаты, што кветкi на стале не надта свежыя. Я падумала, што нiчога, пастаяць i гэтыя, таму не нарвала свежых.

- Але ваша мацi папрасiла вас нарваць? Праўда?

- Праўда. Вось я i выйшла якраз каля сямi гадзiн. Я нарвала кветак з гэтага боку бардзюра, бо наўрад цi хто-небудзь ходзiць тут, i таму не страшна сапсаваць выгляд.