Читать «Ткачы (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Алесь Аркуш

Часам я чую ад ткачоў слушныя словы. Але яны падобные да пажухлае лiстоты. У iхнiх словах няма жыцьця. Слушнасьць не бывае вечнай цi хаця б доўгатэрмiновай. Прамоўленыя сёньня слушныя словы, заўтра становяцца зусiм няслушнымi й нават хлусьлiвымi. Ткачам гэта цяжка зразумець.

Раней я спрабаваў ткачам нешта давесьцi, патлумачыць. Але хутка пераканаўся ў марнасьцi маёй асьветнай дзейнасьцi. Яны ўпарта стаяць на сваiм. Усё кепскае, што надараецца ў краiне, яны тлумачаць наступствам змовы. Ня цяжка здагадацца, хто вiнаваты ў тых змовах.

Я ня раз задумваўся: у чым прырода гэтай хлусьнi? Аднойчы мне ўзгадалiся бачыны мэмуараў былых гулагаўцаў: тых, што выжылi. Часам, менавiта хлусьня iм дапамагала захаваць жыцьцё. Напрыклад, у новага канвою вязьняў, што прыгналi ў лягер, пытаюцца, цi ёсьць сярод iх рахункаводы. Некалькi чалавек выходзiць з шыхтоў. Сярод iх той, хто нiколi ня быў рахункаводам. Чалавек падмануў i выжыў. Захаваў сябе ад нечалавечых пакутаў на лесапавале або ў руднiку.

Ткачы таксама, напэўна, iмкуцца выжыць. У час грамадзкага ўзрушэньня. Iншага тлумачэньня я ня бачу. Яны выйшлi з агульнага шыхту й гучна прамовiлi МЫ ТКАЧЫ. Толькi нiхто iх у нiякi гулаг яшчэ ня гнаў. Пра мажлiвасьць гулагу прайшла толькi першая пагалоска. Баючыся спазьнiцца, яны загадзя падманулi i аб'ядналiся ў хаўрус. Каб выжыць...

2000 г.