Читать «Стары лес (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Якуб Колас
- Гэта ўжо не першы раз робiцца так на тым баку рэчкi, - пацвердзiў высокi вяз, пакланiўшыся лiпе.
- Чорт ведае што! - ускiпеў крэпкi граб. - Зусiм не па-дзеравяцку! Цi не ўсё роўна лес? Насенне з таго берага пералятае сюды, i дрэўцы растуць сярод нас. Унь, гляньце: там стаiць бярэзiнка, клёны, арэшнiк - усё гэта нацiснулася сюды з-за рэчкi!
Глуха зашумела пушча зялёнымi верхавiнкамi. Шум перакiнуўся за рэчку, у другую частку лесу. Злосна зашумеў лес па другi бок рэчкi.
- Нам самiм няма тут месца! - бушавала старая асiна, высока ўзняўшы круглы верх. - А яны яшчэ сваё племя сюды перапраўляюць.
- Што казаць! - уторыла вербалозiна.
- Ганi iх адгэтуль! - зашумеў ясень. - Там столькi прастору, а iм яшчэ мала. Дзе самi мы падзенемся?
Доўга шумеў стары лес, падзялiўшыся на дзве часткi, доўга гаманiлi дрэвы; вялiкае нездаваленне i гнеў чулiся ў гэтым гомане.
Каля самых берагоў рэчкi, з аднаго i другога боку, стаялi чародамi алешыны. Напрадвеснi, калi ў лесе яшчэ ляжаў тоўсты пласт снегу, а рэчка была пад лёдам, кiдалi алешыны свае цёмныя зернеткi на лёд, каб вясною вада разам з лёдам панесла iх i пасеяла на сваiх берагах на краi лесу, дзе было многа прастору.
Разложыстая, высокая алешына не раз бачыла, як алешына з другога берага кiдала сваё насенне проста ёй пад ногi i закрывала зернеткамi яе дзетак.
- Хiба ў цябе няма свайго месца, што ты засыпаеш маё насенне? - са злосцю пытала першая алешына.
- А чыё гэта племя ўтрамбавала наш бераг? Чыё? Сама б увесь свет заняла, а другому i лапiнкi шкада, пагiбелi на вас няма! - I пайшлi вярнуць, i пайшлi вярнуць адна на другую.
У iх лаянку ўткнулi языкi i iншыя жыхары лесу, i такая пайшла спрэчка, што птушкi пазляталi са сваiх гнёздаў i звяры павыскаквалi з лаговiшчаў. Падняўся такi кiрмаш, такi гармiдар, што не дай ты божа! За доўгiя вякi згоднага жыцця назбiралася столькi нянавiсцi, столькi гневу, крыўды, зайздрасцi, зневажання, што лес грымеў, хадзiў, як кiпень у гаршку, тросся, калацiўся, дрыжаў ад злосцi.
Да голасу лесу прылучаўся пiск, гвалт птушак, выццё звяроў: звяры i птушкi таксама ўзялi руку сваiх берагоў.
Ад шуму, гвалту, ляманту затрэслася паветра, закурыўся пухам снег, магутная пушча раскатурхалася, разгайдалася, расшумелася, як сялянскi сход, i ўжо нiякая сiла не магла супакоiць яе.
Страшная бура завыла над цёмнаю пушчай. Заскрыпелi, застагналi таўшчэразныя гладкакамлёвыя хвоi, густа i жалабна зашумелi кашлатыя ялiны, немiласэрна б'ючыся лапамi; завылi асiны, лiпы, бярозы, клёны i вербы; загулi магутныя дубы, i громам грымелi iх чорныя жэралы; зарыгацелi сукаватыя вязы i грабы... Усе дрэвы бушавалi сваiмi галасамi, i ў агуле выйшла такая страшэнная музыка, што здавалася, злыя духi пазрывалiся з ланцугоў i спраўлялi тут сваё iгрышча.
I вось, сярод гэтага гулу пачуўся трэск - не ўтрымалiся крохкiя асiны i пасыпалiся, як соль; за iмi, як каноплi, разам з карэннямi i з грудамi мёрзлай зямлi, пачалi падаць ялiны, цягнучы за сабою i слабейшыя дрэвы. Яны гнулiся, шчапалiся, крышылiся, i толькi камлi iх, як свечкi, тырчалi высока ў паветры, сярод вываратаў i зломаных верхавiн, што ўжо трупамi ляжалi ў снягу. А пушча не сунiмалася, стагнала, гула, бушавала, плакала злосным плачам, выла гневам i нянавiсцю. Вось сашчапiлiся два адвечныя асiлкi: магутны, прысадзiсты, гузаваты, звязiсты дуб з таўшчэразным i высачэзным вязам. Доўгiя гады стаялi яны на розных берагах нешырокай рэчкi, як добрыя суседзi, i крэпкая дружба, узгадаваная часам, была заўсёды памiж iмi. I яны цяпер - смяртэльныя ворагi! Страшна было глядзець на гэтых асiлкаў. Iх крэпкiя таўстыя сукi разгойдвалiся, бiлiся адны аб другiх, ламалiся. Размахнуўся таўсты, высокi вяз i з усёй сiлы грукнуўся аб дуб.