Читать «Бацькава падарожжа (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Бернар Клавель

- Цi пойдзеце вы сёння вечарам на вакзал сустракаць Марыю-Луiзу?

Пачатак гэтай фразы ён вымавiў занадта гучна, таму ажно сумеўся, што так груба парушыў спакой, i знiзiў у канцы голас амаль да шэпту.

Кантэн таксама адказаў цiха:

- Вядома, з такiмi дарогамi яна не зможа дайсцi адна. Я аднясу ёй боты, бо ў яе ж - гарадскi абутак.

- Калi можна, месьё Кантэн... Калi можна...

Ён змоўк, стары засмяяўся i скончыў за яго:

- Калi можна, я пайду з вамi.

Настаўнiкаў твар, якi ўжо набыў сваю звычайную бледнасць, зноў расчырванеўся, i ён прамармытаў:

- Урэшце, вам лепш пайсцi аднаму.

Кантэн не звярнуў увагi на гэтыя словы i цвёрда сказаў:

- Дамовiмся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.

Настаўнiк захваляваўся яшчэ больш:

- Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмi ўдзячны...

Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулi дзверы, i Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сiгналу, падняўся, каб узяць у рукi кнiгу, якая ляжала на столiку побач з печчу.

- Сядзiце, - сказаў ён настаўнiку, якi памкнуўся ўстаць з крэсла.

Стары сеў зноў, паклаў на каленi кнiгу i, паколькi жанчыны ўжо заходзiлi ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:

- Я хацеў вярнуць яе вам у мiнулы чацвер, як ездзiў на рынак, але не захапiў з сабою. Па дарозе ўспомнiў, ды позна было вяртацца.

- Нiчога страшнага, - ва ўнiсон яму адказаў настаўнiк.

- Аднак я прымусiў вас iсцi сюды, - прадаўжаў Кантэн. - А гэтакiм снегам дарога не вельмi прыемная.

Па позiрку, якi Iзабэла кiнула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькi пацiснула плячыма i пайшла да ракавiны. Настаўнiк нiчога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялiкую асалоду ён атрымаў, iдучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Iзабэла кiнула:

- Дзякуй богу, хоць здаволiўся хлопец!

Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралi з-за бразгання чыгуна, якi яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усмiхнуцца.

Дэнiза спынiлася за чатыры крокi ад мужчын i, схаваўшы за спiну рукi i апусцiўшы галаву, глядзела з-пад iлба на настаўнiка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён i раней заўважаў такi позiрк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнiкам. У яе заўсёды былi цяжкасцi ў вучобе, у асноўным з-за сарамлiвасцi. Настаўнiк здаваўся ёй нейкай незвычайнай iстотай, асаблiва тут, у iх доме. Цяпер твар у яго быў зусiм не такi, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэнiза глядзела на настаўнiка, было для яго невытлумачальнай рэччу.

За спiной у Кантэна не сцiхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летнi дзень, калi над раўнiнай недзе далёка збiраецца навальнiца. Але яшчэ невядома, куды яе пагонiць вецер.