Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 31

Андрей Михайлович Федоренко

«Служыць у Кранштаце!»

«Жаніўся!»

«Развёўся!»

«У цюрме!»

«Выпусцілі з цюрмы!»

І апошні раз: «Дзе Сяргей?»

«На могілках! Картоплі пайшоў красці, ды ўбілі лапатаю!»

Здымаю пальчаткі; па-дзіцячы пахукаўшы на пальцы, змятаю снег. З авальнага партрэціка на мяне ўваж­ліва пазірае Сержык: падрэтушаваны, падфарбаваны, да нельга саладжавы — і ўсё адно надзіва падобны на таго, якім быў у 6–7-м класе, толькі чамусьці ў касцюме і ў гальштуку з недарэчным шырокім вузлом. Сонца коса падае на помнік, асвятляе партрэцік, ад чаго вочы ў Сержыка як жывыя; здаецца, зараз ён падміргне і скажа: «Як я вас?»

Ззаду ля варотцаў Таня гучна, на ўсе могілкі расказвае:

— …Прыйду, па матцы паплачу, а па бацьку не буду, ён на мяне сварыўся: то я п’ю, то куру, то гуляю…

Вяртаючыся назад, справа ад варот заўважаю новую, яшчэ без агароджы, магілку. Прысыпаныя снегам вянкі. На стандартным, звараным з труб крыжы таблічка, на якой белай фарбаю… зноў мой год і месяц нараджэння! Праціраю вочы. Нейкае сапраўднае le déjà vu.

— Віця Смолер, — абыякава пацвярджае Таня (яна ж не жыла ў вёсцы і не ведае, што мы былі, як тры жалуды на адной галіне). — Увосень пахавалі! А багата хавалі! з вянкамі! а людзей-людзей было! Лапатаю ўбілі, — пацішыўшы голас, паведамляе яна інтымна.

— То не яго, — машынальна папраўляю.

— Яго! Жонка на почве рэўнасці! Недзе на дачы ў Крынічным! Не спецыяльна, яна і не хацела, ды неяк так махнула з гарачкі, так пацэліла ў спіну, што лёгкае адарвалася! Пахіркаў трохі ў бальніцы ды памер… Ты пабач, ну! — раптам ускліквае яна, павярнуўшыся ў бок вёскі і паказваючы палкаю. — А яно ідзе!

Валодзя, яе кавалер, ішоў да нас па нашых слядах. Пабачыўшы, што на яго глядзяць, спыніўся. Таня грозіць яму палкаю.

— Я табе пакажу! Збіў мяне на сухрак (што такое «сухрак»?). Хай віну сваю помніць, — але па голасе адчуваецца, што яна задаволеная: і ў такія гады ў яе ёсць кавалер.

Брыду следам за ёю назад і сам з сябе дзіўлюся. Амаль абыякава на душы. Зусім не агаломшыла навіна, што я ўжо адзін з трох застаўся. Толькі варушацца ў галаве — вось яшчэ адзін нумар будзе выдалены з тэлефона, а таксама — нейкая недарэчная (ці наадварот, дарэчная), гуллівая думка, якую хачу і не магу прагнаць: чаму зноў лапатаю? Што за мода? Ці праўда, што існаваў некалі на Заходнім Палессі суровы спартанскі абрад, жорсткі звычай, які так і называўся — «лапатня»: старых, нямоглых, слабых заводзіць на могілкі і забіваць лапатаю?

Валодзя, чакаючы нас, стаяў навыцяжку. Нават вусы не тапырацца, а вінавата апушчаны кончыкамі ўніз. Калі мы падышлі, ён, каб паказаць, як каецца, сцягнуў з галавы спартыўную шапачку. Пакуль нас не было, ён напаліў грубку, вымыў падлогу, потым, у хаце, не даваў Тані ў рукі нічога ўзяць: дастаў прыпасы, якія прынёс у брызентавым рукзаку, насмажыў каўбасы, яечні на сале, сам сабраў на стол. Не было ніводнага нашага слова, з якім бы ён імгненна не згадзіўся: «усё так, чыстая праўда, правільна кажаце». І хоць мы выдатна ведаем, што дастаткова мне паехаць, а яму выпіць, як усё можа змяніцца, — але ж так прыемна мець хоць часовую ўладу над кімсьці, лішні раз папікнуць чалавека, які выпрошвае дараванне.