Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 24

Андрей Михайлович Федоренко

Я адварочваюся, аглядаю Тацянін двор, яе хату — таксама ўжо ўсохлую, маленькую, асабліва ў параўнан­ні з елкай у канцы двара (той самай, што закрывае маю хату) — гэтая высокая, густалапая, вымахала — на рэдкасць для Палесся, і ўсё яе гоніць у рост далей; памятаю, яна была ростам з мяне, а цяпер высокая жэрдка з круглай антэнай дастае ёй толькі да ніжніх галін. Дворык, калісь знарок абрэзаны — з эканоміі, каб больш зямлі перапала агароду, таксама з кожным маім прыездам робіцца ўсё меншы. А ад вялікага агарода, як па нейкай іроніі, больш ніякага толку: здзірванеў, зарос бур’янам, палыном, ніхто яго нават не косіць. Тацяна запусціла яго адразу, як пайшла на пенсію. Абсалютна ніякай гаспадаркі яна не вядзе, няма нават курэй; зімы праседжвае ў горадзе ў каторага з двух сыноў, цёплай парой ходзіць па грыбы, сядзіць у двары ці гуляе па вуліцы, глядзіць тэлевізар (дарэчы, мне заўсёды падабалася яе святое гультайства, ёсць у гэтым нейкая роднасць душ, блізкасць натуры — свой, творчы чалавек).

«…Ты глядзіш, што здзічэла ўсё? Раней рваліся, а цяпер чорт бы іх сеяў, гэтыя гароды, засыпся цяпер гэтай зямлёй… хай ён праваліцца… Кажуць, не будзеш засейваць — прыйдзем і абрэжам, я кажу — прыходзьце і абразайце, — роўна цячэ Тацянін голас. Прывыклая жыць адна, яна і цяпер нібы гаворыць сама з сабою. — У мяне ўсё ёсць, я не дбаю. Хіба што ўвесну пару градачак пад акном, трохі цыбулі, ды часнаку, ды радзіскі, а больш нічога — усё цяпер у дачнікаў можна купіць… І сала, і яйкі, і бульбу, і малако, і гуркі з памідорамі… А хлеб сыны з горада прывозяць, і каўбасу, і вінаград, і фарш на катлеты…»

Каля шула паміж дошак штыкетніка, перад маім носам, тырчыць вышынёй у чалавечы рост куст бараболі-самасейкі. Да шурпатага, як сланечнікавы, лістка прыляпіўся паласаты жук-каларад; нядоўга думаючы, па звычцы яшчэ з маленства нішчыць іх, дзе ўбачыш, падношу да яго кончык запаленай цыгарэты — жук падае ўніз, як сухая ягадзіна, пакінуўшы на зялёным лісце аранжавую плямку. Да шула прыкручаны дротам латуневы рукамыйнік. Адразу за веснічкамі, што вядуць у агарод, нізкі квадратны калодзезь. На накрыўцы з ацынкаванай бляхі коса ляжыць «крук» — гладкі, выслізганы рукамі дручок з сагнутым цвіком на канцы. Унізе на дзвюх цаглінах дошка, каб ставіць вядро, побач, пад штыкетнікам у вымоіне, куды плюхаюць лішнюю ваду, некалькі вастралістых кусцікаў фіялетавых касачоў, «казакі» — у нас завуць. Справа і злева ад студні, адна ля штыкетніка, другая ў агародзе, дзве старадаўнія яблыні, з дробным лісцем, хворай карой — старыя да таго, што ўжо не даюць пладоў; ды і раней, памятаю, у маладых іх, яблыкі былі нясмачныя, цвёрдыя, як камень, але за голле трымаліся з усіх сіл, не хацелі ні струшвацца, ні ападаць, віселі, калі ўжо прымаразак браў і не заставалася на галінах ні лісціка. Ні ў кога ў вёсцы больш такіх не было, ніхто не ведаў, што за гатунак, затое ніхто на іх і не квапіўся, не латашылі па начах, таму грады былі цэлыя. Неяк маці паслала мяне назбіраць іх кабану — дзеля эксперымента, каб паглядзець, што атрымаецца; насыпалі поўнае карыта, парсюк з гарачкі кінуўся грызці, зачаўкаў і раптам застыў, разявіўшы зубаты рот, нібы хацеў праз сілу ўсміхнуцца; з рота пабегла сліна, сутарга пачала зводзіць шчэлепы — і яму, і нам, на яго гледзячы, — а ён жаласна, з няшчасным выглядам пазіраў на нас прыплюснутымі, поўнымі слёз вочкамі з белымі вейкамі. Я тады не ведаў, што ў іх, як і ў людзей, можа быць аскома.