Читать «Сузіральнік. Аповесці, апавяданні, эсэ» онлайн - страница 11

Андрей Михайлович Федоренко

Сам Аляксей зусім не адчуваў сябе ні адзінокім, ні падманутым, ні няшчасным.

Ён нават ганарыўся сабой, сваім высакародствам, што вось не стаў карыстацца момантам, а мог бы. Цэлае жыццё наперадзе. Колькі ўсяго яшчэ будзе!..

VІІ

На другі дзень раніцаю ён ішоў на працу, пакульгваючы, — сцёр-такі ногі да мазалёў. Ззаду затарахцеў мапед, Жэня дагнаў:

— Ну, хваліся! Чым скончылася?

— Нічым… Пасядзелі, пагаварылі…

— Усё зразумела з табою. Пашкадаваў п… — сам п… стаў, — махнуўшы рукой, рэзюмаваў Жэня.

Між тым часу да першага экзамена амаль не засталося. Кніжак, розных абітурыенцкіх дапаможнікаў Аляксей яшчэ ў пачатку лета поўна набраў у гарадской біблія­тэцы; яны ляжалі на тумбачцы сімпатычным стосам, ён любаваўся імі, ды так ні разу не разгарнуў. Уся надзея была на армейскую характарыстыку. У войску казалі, што з добрай характарыстыкай прымаюць амаль без экзаменаў. Восьмага жніўня ён апрануў касцюм, павязаў гальштук, начысціў чаравікі і паехаў у Мінск — паступаць на прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва, разлічваючы, што прабудзе ў сталіцы дзён дзесяць мінімум, па два дні на кожны іспыт: супрамат, фізіка, замежная мова, сачыненне. А прыехаў дамоў… праз дзень, безнадзейна праваліўшы першы ж экзамен. Ён углядаўся ў білет, а бачыў шпалы, рэйкі, расу, круглую траву перакаці-поле… Белыя трусікі на загарэлых ножках… Словам, лезла ў галаву абы-што. Нічога людскага з такой здачы не магло атрымацца. Ён вяртаўся дамоў з пачуццём сораму і з адчуваннем, што не апраўдаў нейкіх надзей, якія на яго кімсьці ўскладаліся, не выканаў якогась важнага, даручанага яму задання, і вось вяртаецца — прыніжаны і з пустымі рукамі. Як яго сустрэнуць? Што скажуць? Што яму адказваць? Аднак дарэмныя былі яго перажыванні. Нічога не змянілася, у брыгадзе ніхто не ўспрыняў яго правал як няўдачу. Німб «вялікай будучыні» не пабляк над яго галавою.

— На другі год паступіш, — упэўнена заявіў Жэня. — Тваё ад цябе не ўцячэ!

Маці дык увогуле не хавала радасці. Ёй добра было з сынам — такая дапамога, праца блізка, грошы неблагія. Аляксей супакоіўся, і зноў жыццё пайшло, як і раней, пакацілася па сваіх знаёмых роўных рэйках. Восенню, у канцы верасня, Жэня паведаміў яму, што Ксю паступіла, ды не абы-куды — у БДУ:

— Пашкадавалі яе, — чамусьці вінавата дадаў Жэня, нібы апраўдваючы Аляксея і асуджаючы спрытную пляменніцу. — Узялі як сірату, з чарнобыльскай зоны…

Вось гэтая навіна па-сапраўднаму ўкалола самалюбства. Цяпер Аляксею было з чым параўноўваць уласную няўдачу — з чужой удачай. Да таго ж ён не сумняваўся, што «сіроцтва» і «зона» тут справа дзясятая, а проста Ксю, як разумная дзяўчынка, у адрозненне ад яго аказалася лепш падрыхтаванай.

З Ксю была ў іх яшчэ адна сустрэча — апошняя. З нізкага неба на скапаныя грады, на пусты, непрыветны, без дзяцей і курэй двор імжэў дождж, і стаяў у паветры, як туман. Ксю сказала, апусціўшы вочы:

— Прабач, калі можаш: і за той вечар. І…