Читать «Гэпварт, 16, 1924» онлайн - страница 6
Джером Дейвид Сэлинджер
Напачатку, як вы ведаеце, яны бязглузда сунулі нас у розныя бунгала, сыходзячы з перадумовы, што гэта надта разумна і карысна — раздзяляць братоў ды іншых крэўных. Аднак пасля таго, як я пачуў выпадковую камічную рэмарку, кінутую вашым непараўнальным сынам Бады, з якою я ўсім сэрцам згадзіўся, мы мелі страшэнна прыемную размову з місіс Гэпі на трэці або чацвёрты з тых недарэчных дзён, уводзячы ёй у вушы, наколькі проста гэта — забыцца на абсурдны (толькі першая квецень) век Бады і на кранальна людскую патрэбу ў размове і ў бліскавічным дасціпным адказе і — о шчаслівы вынік! — Бады атрымаў дазвол перанесці свае пажыткі, як і сваё ўласнае файнае, мініяцюрнае, смешнае цела, сюды наступнае ж нядзелі пасля агляду. Для абодвух нас у гэтай перамене — палёгка, уцеха і проста справядлівасць. Я страшэнна спадзяюся, што вы пазнаёміцеся з місіс Гэпі напраўду блізка, як скарыстаеце або калі скарыстаеце з магчымасці завітаць да нас, альбо калі прыдумаеце такую магчымасць. Уявіце сабе яскравую брунетку, гарэзную, дужа здатную да музыкі, з вельмі прывабным невялічкім пачуццём гумару! Патрэбны велізарны самакантроль, каб утрымацца, не схапіць яе ў абдымкі, калі яна шпацыруе сабе па траве ў адной са сваіх густоўных сукенак. Яе высокая думка пра вашага сына Бады, яе гарачая любоў да яго — для мяне як шчодрая прэмія, ажно слёзы зусім неўспадзеўкі прыліваюць да вачэй. Адно з радасна-трымтлівых узрушэнняў, на якія багатае маё існаванне — гэта бачыць, як маладая яскравая дзяўчына ці жанчына інстынктыўна распазнае вартасць гэтага хлопца на працягу чвэрцьгадзіннай выпадковай гаманы з ім на беразе чароўнае ручаіны, што высыхае. Ісусе Хрысце, кожнае жыццё мае сваю долю шляхетных радасна-трымтлівых узрушэнняў, усяго толькі расплюшчы вочы і глядзі! Дарэчы, місіс Гэпі палкая паклонніца вашых талентаў, Бэсі і Лэс, шмат разоў яна бачыла вас на сцэне ў Готэме, звычайна, на Рыверсайд, паблізу іхняга месца жыхарства. Так сталася, што і яна дзеліць з табой, Бэсі, кранальнае багацце дасканалых ног, шчыкалатак, дзёрзкіх грудзей, вельмі свежага, ладненькага азадка, а таксама цудоўных маленькіх ступняў з надзвычай мілымі невялічкімі пальцамі. Самі ведаеце, дарэчы, які гэта неспадзяваны дарунак лёсу — увабрацца ў маладую сталасць, захаваўшы цудоўныя або й нават цалкам прэзентабельныя пальцы ног; звычайна, страх, што з імі робіцца пасля таго, як яны пакідаюць дзіцячае цельца, ці ж не праўда. Божа, блаславі сэрца гэтага дзівоснага дзяўчаці! Немажліва часам паверыць, што гэтая неадчэпна-прынадная, спакуслівая красуня на пятнаццаць (15) гадоў старэйшая за мяне! Пакідаю на ваш уласны, справядлівы і важкі суд, Бэсі і Лэс, ці варта ўведаць гэткае малым, але калі поўная шчырасць мае панаваць паміж бацькамі і дзецьмі гэтак жа бесперашкодна ў ліставанні, як падчас жывое размовы, а менавіта да такіх стасункаў імкнуўся я ўсё сваё жыццё, няхай са сціплым, але штораз большым поспехам, дык мушу прызнацца, і мне ажно весела — бываюць моманты, калі тая пекная, зваблівая дзеўка, місіс Гэпі, міжволі ўзбуджае бязмежную маю пачуццёвасць. Маючы на ўвазе мой абсурдны ўзрост, сітуацыя, безумоўна, трохі гумарыстычная, але гэткая яна здаецца толькі тады, як яе прыгадваеш, павінен сказаць са скрухай. Падчас дзвюх ці трох нагодаў (яны моцна сядзяць у маёй памяці), калі я згаджаўся з ейным ласкавым запрашэннем зайсці ў галоўнае бунгала выпіць какава або халоднага напою пасля купання, я чакаў тае хвіліны з нецярпеннем ды ўсё большай прыемнасцю: а раптам (маё спадзяванне не выказаць словамі) яна, проста не падумаўшы, адчыніць дзверы галышом. Гэтае ўзбурэнне пачуццяў зусім не смешнае тады, калі яно адбываецца, я паўтараю, такое яно толькі ў рэтраспектыве. Я яшчэ не абмяркоўваў гэтае недалікатнае пытанне з Бады, чыя пачуццёвасць зацвітае ў тым жа пяшчотным, занадта раннім веку, як у свой час зацвітала мая, але ён і так здагадаўся, што гэтая мілая істота захапіла мяне ў пачуццёвы палон, і ўжо кінуў пару гумарыстычных заўваг. О, мой Божа, які гонар і прывілей быць кроўна звязаным з гэтым прыцягальным юнаком і тайным геніем, што ніколі не прыме за праўду выкруты ды хітрыкі з маіх вуснаў! Праблема місіс Гэпі зарасце травой забыцця, як лета пойдзе на спад, але было б вялікім дабрадзействам, дарагі Лэс, калі б ты пажадаў прызнаць, што мы ўспадчылі твой дар пачуццёвасці, улучна з дужа паказальным хрыбтом пажадлівасці адразу ж за тваёю ўласнаю пачуццёваю ніжняю губою, як успадчыў гэта наш цудоўны малады брат, бліскучы Уолтэр Ф. Глас (юныя Бэатрыс ды Уэйкэр Глас, дзве беззаганна чыстыя істоты, амаль што не пазначаны згаданым вымоўным хрыбтом). Зазвычай, спадзяюся, вы згодзіцеся, калі я гляджу на чалавечы твар, то не надта зважаю на прыкметы, якія быццам бы варта браць у рахубу, бо яны абсалютна ненадзейныя ці могуць знікнуць або змяніцца воляю Бацькі-Часу, але я ніколі не ігнарую хрыбта за ніжняю губою: звычайна, больш цёмна-чырвонага колеру. Не буду зацыклівацца на тэме кармы, ведаючы і цалкам салідарызуючыся з вашай пагардай да маёй паглынальнай і выпадковай цікавасці да яе, але даю слова гонару, што хрыбет, пра які гаворка, ёсць трохі болей, як знак адказнасці за папярэдняе жыццё; ты атрымліваеш гэты знак, ты адольваеш яго, а калі не ўдаецца, уступаеш з ім у сумленны двубой, не шукаючы літасці і не літуючыся. Што датычыць мяне, я зусім не прагну, каб юр, зачараваўшы маё цела, валачыў дзень пры дні мяне за сабою на працягу тых нешматлікіх і цудоўных гадоў, што яшчэ засталіся, якімі надзелены я ў цяперашнім з’яўленні. Велізарная праца мае быць здзейсненая падчас гэтага з’яўлення, хоць яшчэ не зусім вядома мне, якая, і я з радасцю лепш згадзіўся б здохнуць сабачай смерцю, як дазволіў, каб у крытычныя моманты маю ўвагу адцягвалі павабны, раскошны платан або ўзгорысты контур вабнага цела. Мой час занадта абмежаваны, гэта мяне і засмучае, і бавіць. Я, несумненна, намерваюся безупынна працаваць над праблемай пачуццёвасці, і падарункам з неба для мяне было б, каб ты, любы Лэс, як мой дарагі бацька і шчыры прыяцель, быў бессаромнай, поўнай разгорнутай кнігай у тым, што датычыць тваёй уласнай настырнай пачуццёвасці, калі ты меў столькі гадоў, як мы. Я скарыстаў з магчымасці прачытаць адну ці дзве кніжкі, прысвечаныя пачуццёвасці, але яны альбо ўзбуджаюць, альбо не па-чалавечы напісаныя і думкам ад іх малы спажытак. Я не хочу ведаць, якія пачуццёвыя акты ты ўчыняў у нашым веку, я пытаюся пра што-нішто горшае: я хочу даведацца, якія ўяўныя пачуццёвыя акты прыносілі твайму мозгу найжывое задавальненне, у якіх, аднак, сарамата прызнацца. Акрамя мозгу пачуццёвасць не мае ніякіх сваіх уласных органаў. Горача заклікаю цябе быць наконт гэтага бессаромным. Мы хлопчыкі, сыны чалавечыя, і не сталі б цябе любіць або паважаць меней, зусім наадварот, калі б ты агаліў перад намі самыя раннія і найгоршыя пачуццёвыя думкі, я ўпэўнены, што яны падаліся б нам вельмі кранальнымі і хвалюючымі. Прыстойны, цалкам шчыры крытэрый — заўсёды, на пэўны час, цудоўны для маладой асобы. У дадатак, ні ў натуры твайго сына Бады ані ў маёй, ані твайго сына Уолтэра не закладзена здатнасць адчуць шок або агіду ад чаго хочаш мілага, зямнога, уласцівага роду людскому. Напраўду, усе формы чалавечага грэху і чалавечай жывёльнай бессаромнасці закранаюць надта сугучную струну ў нашых сэрцах!