Читать «Гэпварт, 16, 1924» онлайн - страница 24
Джером Дейвид Сэлинджер
Пасля таго, як міс Калгэры вельмі кепска і смешна перавязала мне нагу, да таго ж размаўляючы са мною ў стрыманай, фальшыва кампетэнтнай манеры, якая магла б змусіць чалавека напіцца дап'яна, калі б той не валодаў пэўным самакантролем, яна адаслала мяне з пацешнай мыліцай у маё бунгала, каб я чакаў там доктара, які павінен быў прыехаць з Гэпварта, дзе ён жыве і мае сваю сумнеўную практыку. Ён, доктар, прыехаў неўзабаве пасля трэцяга пасілка ў сталоўцы і перавёз мяне назад у шпіталь, каб накласці мне на нагу адзінаццаць (11) швоў. Непрыемная, ліха на яе, праблема, узнікла ў звязку з гэтым. Мне прапанавалі абязбольвальны ўкол, але я ветліва адхіліў прапанову. Адразу, найперш за ўсё, седзячы на праклятым матацыкле містэра Гэпі, я перарваў сувязь паміж болем у назе і мозгам, вылучна дзеля маёй зручнасці. Пасля маленькага здарэння, звязанага са сківічнай косткэй і з губамі, што адбылося мінулым летам, упершыню я зноў ужыў гэты метад. Часамі ледзь не роспач бярэ, ці спатрэбіцца табе асаблівае, набытае табою ўменне больш як адзін раз, а мо і наогул не спатрэбіцца, але такі момант конча прыходзіць, калі ёсць трохі цярпення; у двух выпадках, як мы сюды прыехалі, я нават выкарыстаў выбленачны вузел, а мне здавалася, што гэты мой навык змарнуецца без ужытку!