Читать «Гэпварт, 16, 1924» онлайн - страница 20
Джером Дейвид Сэлинджер
Без утойванняў, бегла знаёмячы цябе з тым, што на левым прыходным баку рахунка, мушу, аднак, засмучана адзначыць, што вялікі адсотак вашых дзяцей, Бэсі і Лэс (калі ты яшчэ не падаўся ў хол, шукаючы якой уцехі), маюць даволі жахлівую здатнасць адчуваць боль, які, уласна кажучы, не заўсёды іхні. Часам якраз ад гэтага болю ўхінаўся зусім не знаёмы нам чалавек, магчыма, лянівы дзяцюк у Каліфорніі ці Луізіяне, з якім мы нат не мелі прыемнасці стрэцца і перакінуцца словамі. Гаворачы і за вашага сына Бады, і за сябе, я не бачу ніякага спосабу ўнікаць невялікага болю, тады-сяды, пакуль мы не выкарыстаем свае шанцы ды не выканаем свой абавязак, мы, у цяперашніх цікавых, фацэтных целах. Палова болю навокал, на няшчасце, цалкам належыць камусьці іншаму, хто альбо ўхіляецца ад гэтага болю, альбо не патрапіць учэпіста ўхапіць яго за тронкі! Аднак, ужыццявіўшы нашыя шанцы ды абавязкі, дарагія Бэсі і Лэс, даю вам слова, што мы адыдзем з чыстым сумленнем і ў гуморы, дзеля разнастайнасці, чаго поўнасцю мы ніколі ў мінулым не рабілі. Гаворачы зноў за вашага ўлюбёнага сына Бады, ён можа вярнуцца ў любы момант, яшчэ даю вам слова гонару, што адзін з нас будзе прысутны падчас адыходу другога, на тое розныя прычыны; такая, наколькі мне вядома, наша планіда. Я не малюю змрочную карціну! Гэта ні ў якім разе не здарыцца заўтра! Асабіста я жыцьму, прынамсі, не меней за тэлефонны слуп, што добра захаваўся, гэта шчодры тэрмін у трыццаць (30) або і болей гадоў, з якога ніяк не выпадае кепікі строіць. Вашаму сыну Бады наканавана крочыць яшчэ даўжэй, як бязмежна радасна будзе вам уведаць. А ў гэты шчаслівы прамежак часу, Бэсі, калі ласка, папрасі Лэса прачытаць наступныя заўвагі, як альбо калі ён вернецца з хола ці любога іншага прыемнага месца, якое ён выбраў. Лэс, прашу цябе, будзь цярплівы з намі ў твой вольны час. 3 усіх сіл старайся моцна не трывожыцца і занадта не маркоціцца, калі мы не нагадваем табе вельмі відочна і кранальна іншых добрапрыстойных хлопчыкаў, магчыма, хлопчыкаў твайго ўласнага дзяцінства. У частыя чорныя хвіліны хуценька выкрэсвай у сэрцы згадкі, што мы надзвычайна і ад галавы да пят добрапрыстойныя хлопчыкі, якія ўсяго толькі перастаюць быць дужа добрапрыстойнымі, калі здараецца нешта крыху важнае ці вырашальнае. Божа літасцівы, я поўнасцю адмаўляюся раніць вашы сэрцы далейшымі разважаннямі такога кшталту, але не магу сумленна сцерці ніводнае з папярэдніх, размашыстых, безгустоўных заўваг. Баюся, яны павінны заставацца ў сіле. Ды гэта і не зрабіла б вам добрай паслугі, калі б я сцёр іх. У вялікай ступені праз маю ўласную танную мяккасць і баязлівасць вы двойчы раней у папярэдніх увасабленнях не наважыліся твар у твар сустрэцца з падобнымі рэчамі; проста не ведаю, ці вытрымаў бы я ваш паўторны боль. Адкладзены боль — з тых найжахлівых, якія толькі можна адчуць. Каб вас трохі пацешыць, заткніце за пас некалькі вясёлых навін, якія прыўзнімуць настрой. Асабіста ў мяне ад іх дух перахоплівае. Ці гэтаю зімою, ці зімою, што не замарудзіць прыйсці праз год, вы, Бэсі, Лэс, Бады і той, што падпісаўся ніжэй, усе мы пойдзем на вечарыну, якая багата чаго тоіць у сабе, на адну з самых важных для нас вечарын, дзе нам, разам, у гарманічнай кампаніі ці самотна, увогуле калі-небудзь надарыцца пабываць. Падчас гэтага прыёму гасцей, калі будзе ўладарыць вечаровы час, мы сустрэнем чалавека цяжкага, як гармата, які ў вольную хвіліну зробіць нам трошкі бесцырымонную, звязаную з нашай кар’ерай, дзелавую прапазіцыю, яна будзе датычыць нашага лёгкага, чароўнага спявацкага ды танцорскага ўмельства, але гэта далёка не ўсё, чаго яна будзе датычыць. Ён, гэты паўнацелы мужчына сваёй дзелавой прапазіцыяй не зменіць занадта сур’ёзна мернай, нармальнай плыні нашага маленства і ранняга, фацэтнага юнацтва, але магу вас запэўніць, што на паверхні ўзбурэнне будзе страшэннае. Аднак гэта толькі палова маёй відзежы. Уласна кажучы, калі па ўсёй шчырасці, другая палова куды бліжэйшая майму сэрцу і душы. Другая палова відзежы дзівосным чынам высвечвае яго, Бады, у іншы, пазнейшы дзень месяца праз незлічоныя гады. Зусім асірацелы — без маёй сумнеўна-прыемнай адданай кампаніі, піша ён пра гэтую самую вечарыну на вельмі вялікай, чорнай, як смоль, любата якой, шыкоўнай пішучай машынцы. Ён курыць цыгарэту, час ад часу сашчэпліваючы рукі і кладучы іх на макаўку галавы задуменна і знясілена. У яго сівыя валасы; ён старэйшы, як ты цяпер, Лэс! Жылы на руках крыху выдаюцца ў пробліску відзежы, таму я ўвогуле нічога не казаў яму пра яе, трохі зважаючы на ягоны юны забабон наконт выпнутых жылаў на руках у небарак дарослых. Вось як яно. Вы маглі б падумаць, што такі асаблівы пробліск здатны працяць душу выпадковага сведкі наскрозь, зрабіць яго нагэтулькі бездапаможным, што ён аніяк не здолеў бы сабрацца з сіламі, каб абмяркоўваць мільгнуўшае са сваёй любай, талерантнай сям’ёй. Гэта не зусім той выпадак; галоўнае тут, зрабіць надзвычайна глыбокі ўдых, засцерагчыся ад млоснасці самым простым, жыватворным сродкам. Братаў пакой — вось што кроіць мне сэрца найболей. Гэта ўсе ягоныя юныя мары, ужыццёўленыя цалкам і поўнасцю! У столі ёсць адно з тых прыўкрасных вокнаў, якія, мне абсалютна дакладна вядома, заўсёды паланілі ягоную ўяву, калі ён чытаў пра іх. Паўсюль вакол Бады, у дадатак, дыстынктоўныя паліцы для ягоных кніг, прыладдзя, блакнотаў, вострых алоўкаў, вырабаў з чорнага дрэва, дарагой пішучай машынкі ды іншай вельмі каштоўнай для яго асабістай маетнасці. О, мой Божа, ён будзе ўзрадаваны немаведама як, убачыўшы гэты пакой, памятайце пра мае словы! Гэта адна з самых уцешных і ружовых відзежаў за ўсё маё жыццё і цалкам магчыма, з найменшаю доляю прыкрых дамешак. Скажу, не мудрагелячы, што я апынуўся б далёка ад праўды, сцвярджаючы, што гэта была ці не апошняя відзежа ў маім жыцці. Аднак тыя дзве, здзекліва адчыненыя ў маім мозгу маленькія брамкі, пра якія я згадваў летась, пакуль не думаюць зачыняцца; шусне яшчэ год ці блізу года, і тады, праўдападобна, штось патане, а штось паўстане. Калі б гэта залежала ад мяне, я сам ахвотна зачыніў бы брамкі; толькі ў трох ці чатырох выпадках — у гэтым, прыкладам — пробліск адкрыцця варты таго, каб пашкуматаць звычную ўладкаванасць і блаславёную бязбурнасць душы, як і спакой бацькоў Але ўсё ж дужа прашу вас уявіць сабе, што за дзівота ўбачыць, як гэты хлопец, ваш сын Бады, пяцігадовы малы, які ўжо ажно згубіў галаву ад любасці да кожнага алоўка ў сусвеце, уміг перакінуўся ў сталага смуглявага літаратара! Як бы мне хацелася ўлегчыся на ўтульную аблачыну ў далёкай будучыні, магчыма, з добрым крамяным Паўночным разведчыкам у руцэ ды чытаць кажнюсенькае слова, што ён піша пра гэтую багатую на падзеі і наступствы ў досыць блізкім часе, не зусім звычайную вечарыну! Спадзяюся, першае, што гэты адораны хлопец як цалкам даспелы смуглявы літаратар апісвае, гэта прыгожыя паставы нашых целаў у святліцы, калі мы вось-вось пакінем дом тым памятным вечарам. Самы прыгожы момант на свеце ў даволі вялікай сям’і, што збіраецца на вечарыну або нават у выпадковую рэстарацыю, гэта памяркоўныя, паблажліва-нецярплівыя паставы ўсіх сямейнікаў у святліцы, бо ўсе чакаюць, калі ж нейкая маруда збярэцца! У думках я прашу чуллівага сівавалосага пісьменніка з адцаленай будучыні пачаць з прыгожых паставаў, у якіх перабываюць целы ў святліцы, з найпрыгажэйшай, на мой погляд, мясціны для пачатку! Слова гонару, я лічу, што ўся відзежа таго вечара ад пачатку да канца вартая ціхай умеркаванай радасці. Мне здаецца дзівосным, як душы, падобныя на файныя вольныя канцы троса, знаходзяць адна адну ў свеце, калі толькі чакаеш дастаткова цярпліва і з табой пругкасць духу і няўтрымна безразважная сіла. Лэс (калі ты вярнуўся з хола), я ведаю, ты ставішся з гумарам, хай сабе шляхетным, да веры ў Бога або ў Вышэйшую Боскую волю, ці якое падабраць слова, каб яно гучала меней напышліва і не бянтэжыла, але даю слова гонару сённяшнім спякотным памятным днём майго жыцця, што не закурыш і выпадковай цыгарэты, пакуль сусвет не дасць на гэта свой артыстычны шчодры дазвол! Магчыма, дазвол — занадта моцна але чыясьці галава мусіць згодна кіўнуць, перш як цыгарэта кранецца агню запалкі. I гэта, усёю істотаю шкадую, таксама, на жаль, занадта прыблізна. Упэўнены, Бог ласкава ўздзене на сябе чалавечую галаву, цалкам здатную ківаць, дзеля задавальнення якогасьці аматара падобных рэчаў, што любіць уяўляць Яго ў такім выглядзе, але я асабіста без прыхільнасці стаўлюся да ідэі пра тое, што Ён носіць чалавечую галаву, і, пэўна, павярнуўся б і пайшоў, калі б Ён надзеў якую дзеля майго сумнеўнага спажытку. Гэта, вядома, перабольшанне, я быў бы бяссільны адцурацца Яго, нягледзячы ні на што, нават пад пагрозай смерці.