Читать «Прыгоды Мармулка» онлайн - страница 41

Язэп Палубятка

3 гэтымі словамі Мармулак кінуў на стол перад доктарам пяць стодаляравых купюр.

- Ну выдайце мне даведку; што я хворы на галаву.

- Вы, выпадкам, не з КДБ? - прыцішана запытаў Натан Якаўлевіч.

- Ды не ж! Мне параіла звярнуцца да вас баба Жэня, даруйце, Яўгенія Максімаўна.

- А! - усмешка была шчыраю. - Старая падпольшчыца. Хлопчыкі яе яшчэ не забываюць. Веру, што вы не з органаў. Распавядайце сутнасць вашай справы...

- А можна без падрабязнасцяў?

- Можна, - неяк своеасабліва ўсміхнуўся доктар. - Але...

Яшчэ адна купюра легла побач.

- Адчуваю, што мы знойдзем паразуменне... Тут справа вось у чым. Скажам, партрэт Машэ Даяна вам не падыходзіць, - Натан Якаўлевіч добра ведаў гісторыю сваёй спрадвечнай Айчыны. - Інваліднасць, як вы сказалі, таксама не падыходзіць. Сапраўды, самы прымальны варыянт: даведка аб тым, што вы дурань. Кім вам даспадобы быць: буйным, ціхім? Параноікам, шызафрэнікам?

- На ваша меркаванне. Але толькі не надта страшнае. Людзі і сапраўды могуць падумаць, што я дурань. Што-небудзь простае на лацінскай мове, каб ніхто не зразумеў.

- Вам яшчэ неабходна будзе прайсці тэсты, здаць аналізы. Самі разумееце - цэлая медыцынская бюракратыя...

Мармулак палез у кішэню па грошы. Дзверы прачыніліся. Доктар неўпрыкмет задрыгаў пальцамі, паказваючы, каб кліент зараз жа прыбраў усё непатрэбнае са стала. Мармулак згроб даляры ў кулак і паспешна прыклаў яго да сэрца ды скрывіў твар, каб наведвальнік прыняў тое за боль... Увайшла медсястра Аліна. Цырк, які паказваў абарванец, не ўвёў яе ў зман. Не такое даводзілася бачыць. Дзяўчына ўзрадавалася: сёння можна выдурыць у гэтага куркуля сабе на добрыя зімовыя боты.

- Натан Якаўлевіч! Я сёння вам патрэбная?

- Ды не, золатца маё! Як бачыш, на прыёме нікога няма.

- Я тут буду, у суседнім кабінеце. Як будзеце вольныя - паклічаце.

Натан Якаўлевіч агледзеў ладны стан медсястры ды ад задавальнення закруціў галавою.

- Жыццё, жыццё, - як толькі Аліна зачыніла за сабою дзверы, развёў рукамі Абрамовіч. - Давайце цяпер вернемся да нашай справы... Даруйце, вашай. Вы гэта, калі ласка, схавайце, бо да мяне ў любы момант могуць зайсці хворыя. Я вам веру. Бачу, вы чалавек сур’ёзны.

- Я вам, доктар, адразу аб гэтым сказаў, - адказаў Пётр Матыль і тут жа, на вачах у Натана Якаўлевіча, дастаў з кішэні пук грошай, даклаў да іх той прэзент, што меўся даць.

Абрамовіч з усіх колераў і адценняў больш за ўсё на свеце паважаў шэра-зялёны.

- Зараз мы ў вас возьмем неабходныя аналізы, правядзём шырокі кансіліум...

- Я хацеў бы, каб гэты кансіліум быў як мага вузейшы, - заўважыў кліент. - Нікому з нас лішняя пагалоска непатрэбна. Так ці не?

- Бачу, бачу цвярозыя меркаванні... дурня. Выбачайце за такі каламбур... Кансіліум будзе вельмі вузкі. Я і мая медыцынская сястра. Думаю, вы не супраць?

Адчуўшы падатлівасць доктара, Мармулак пачуўся ўпэўнена і нават дазволіў сабе пакпіць з Абрамовіча:

- Ды не, я ніколькі. Можа, хіба ваша жонка будзе супраць.

- Пагадзіцеся, малады чалавек, - уздыхнуў Натан Якаўлевіч ды пагладзіў сваю лысіну, - усё ж прыемна трымаць прыгожую кветку ў руках, хоць і абыходзіцца яна дорага... Мы зноў адышлі ад тэмы. Пакіньце свае дадзеныя і прыходзьце гадзіны праз тры. Уваход з супрацьлеглага боку будынка.