Читать «Алесь Адамовіч: Жыццё як творчасць і творчасць як жыццё» онлайн - страница 2

Михаил Александрович Тычина

Галоўная Падзея ў жыцці бацькі — так, з вялікай літары Алесь Адамовіч пісаў пра смерць, бачачы ў гэтым нешта большае, чым звычайная, шараговая з’ява, працэс анігіляцыі фізічнага цела. Ён быў знаёмы з ідэяй, якую найбольш выразна і ўражліва выказаў у свой час рускі паэт Арсеній Таркоўскі, яго былы сусед па інтэрнаце ў Падмаскоўі, дзе пасля пераезду з Мінска ў Маскву нейкі час жыў Алесь Міхайлавіч. Вось гэтыя словы: «На свете смерти нет. / Бес­смертны все. Бессмертно всё. Не надо / бояться смерти ни в семнадцать лет, / ни в семьдесят...»

Сказанае паэтам адпавядае высновам вядомых фізікаў. У прыватнасці, акадэміка А. Сахарава, які падзяліўся сваімі думкамі пра смерць у дыялогу з А. Адамовічам і У. Сінельнікавым: закон захавання энергіі дзейнічае ў жывой і нежывой прыродзе. А. Адамовіч верыў у асобу. Энергія, энергетычнае поле сапраўды не знікае, яго прысутнасць у свеце адчуваецца досыць доўга. А вось асоба знікае, фізічнае цела, носьбіт гэтай энергіі як пэўная цэласнасць і адзінства раствараецца ў Сусвеце. Пастаянным клопатам А. Адамовіча як пісьменніка-гуманіста была якраз асоба, чалавек як непаўторная, унікальная з’ява.

Усё гэта дзіўна, бо мільёны і мільёны смерцяў, якія прынесла ХХ стагоддзе некрафільскіх рэжымаў, як бы самі па сабе перакрываюць усякую гаворку пра каштоўнасць жыцця асобнага чалавека. Аднак жа мільёны смерцяў — статыстыка, а смерць аднаго — трагедыя. Тым большая, чым бліжэй гэты чалавек. Як востра перажываў А. Адамовіч адыход у іншасвет бацькі. Калі цяжка і пакутна памірала маці, Ганна Мітрафанаўна, Алеся Міхайлавіча выратаваў толькі шчаслівы выпадак: язва яго страўніка крываточыла якраз тады, калі ён прыйшоў у Лечкамісію наведаць хворую матулю. Смерць увесь час блукала непадалёк, разпораз нагадваючы пра сябе: memento mori! І ў вайну, што натуральна, і ў мірны час, што ўспрымаецца як Божы знак. У творах А. Адамовіча тут і там натыкаешся на згадкі пра гэты самы таямнічы момант чалавечай існасці. Часта ў трэцяй асобе, са спасылкамі на братоў па пяры, давяраючы іх вопыту і аўтарытэту.

У працы пра Якуба Коласа «Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы» думкі пра смерць Міхала ўраўнаважваюцца пантэістычнай філасофіяй, такой блізкай менталітэту беларускага селяніна, у вачах якога смерць займае сваё належнае месца ў вечным кругавароце прыроды. Зрэшты, гэта ўяўленне з пэўнымі карэктывамі перайшло і ў хрысціянства, дзе апосталам Паўлам сказана, што зерне павінна памерці, каб затым адрадзіцца, уваскрэснуць у коласе. Якуб Колас да такіх рэчаў не быў абыякавым, пра што сведчыць яго паэма «Новая зямля», глыбока прачытаная А. Адамовічам.

У кнізе «Маштабнасць прозы», прысвечанай жыццю і творчасці Кузьмы Чорнага, сустракаем асобна вылучанае, філасофскае пытанне, заяўленае як праблема: што такое жыццё, калі побач смерць? У класіка адказ наступны: жыццё — гэта вечны рух наперад («Ты вечна ідзі. Бо калі спынішся, то пойдзеш назад і назад»).