Читать «Заўтра была адліга-3» онлайн - страница 53

Віктар Шніп

Знаёмства наша пачалося ў снежні 1981 года ў Каралішчавічах, дзе цэлы тыдзень мы былі разам на семінары маладых пісьменнікаў Беларусі. Сярод нас былі і Анатоль Сыс, і Васіль Сахарчук, і Міхась Барэйша, якіх ужо даўно няма ў гэтым свеце. Былі Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Леанід Галубовіч, Сяргей Вераціла, Вадзім Спрынчан, Людміла Паўлікава, Уладзімір Ягоўдзік, Алесь Наварыч. Нас было шмат. Помняцца не ўсе. Ала Канапелька помніцца. Потым у нас было шмат сустрэч, сумесных выступленняў. Нашы дочкі закончылі гімназію-каледж мастацтваў, дзе мы сустракаліся, прыводзячы малых на вучобу. З Алай мы склалі кнігу «Мама, маці, матуля...», за якую на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» атрымала вышэйшую ўзнагароду — дыплом імя Францыска Скарыны. І ва ўсім, што рабіла Ала Канапелька, яна была Паэткай.

***

26.08.2015. Па запрашэнні Сяргея Дубаўца ўдзельнічаў у паэтычных чытаннях памяці Таццяны Сапач, якія на гэты раз прайшлі каля хаты, дзе нарадзілася паэтка. З Мінска ездзіў з Барысам Пятровічам, Усеваладам Сцебуракам, Галінай Дубянецкай і Людмілай Сачанка. Ехалі па дарозе на Вільню. Узгадвалі вядомых людзей, лёс якіх звязаны з Валожыншчынай. У Маркава, крыху паблудзіўшы, прыехалі роўна а дванаццатай, як і прасіў Дубавец. Усе збіраліся каля школы, якую ў свой час закончыла Таццяна. Гасцей было чалавек трыццаць. З Польшчы прыехала дачка Дубаўцоў Адэля са сваёй малой, якая хораша гаворыць па-беларуску і час ад часу ўжывае польскія словы і ад гэтага робіцца невыказна гжэчнай і яшчэ прыгажэйшай. Напачатку з’ездзілі на могілкі. Усклалі да помніка кветкі, памаліліся. Потым паехалі да роднай хаты паэткі. Там нас ужо чакалі брат Таццяны з жонкай Ларысай, школьнікі і настаўнікі. Імпрэзу вёў Сяргей Дубавец. Першымі выступілі дзеці, якія чыталі вершы Сапач, а за імі — Усевалад Сцебурака, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў. Падчас, калі спяваў Уладзіслаў Лянкевіч, да мяне падышоў Дубавец і запытаўся: «Можа, прачытаеш верш?» — «Добра», — адказаў я, і Сяргей даў мне слова. Я прачытаў баладу, прысвечаную Таццяне. Пасля майго выступлення Дубавец прапанаваў перайсці да неафіцыйнай часткі, дзе маглі яшчэ сказаць сваё слова пра Таццяну Сапач і Кася Камоцкая, і Зміцер Бартосік, і Вальжына Цярэшчанка, і Міхась Казлоўскі, і Генік Лойка, і Ірына Дубянецкая і іншыя. Аднак, на жаль, гэтай магчымасцю яны не скарысталіся. Праўда, ад гэтага наша сумоўе не стала сумным. Выязджаючы з Маркава, у небе ўбачылі больш за сотню буслоў, якія развітваліся з роднымі мясцінамі. «Кожны год 26 жніўня беларускія буслы адлятаюць у цёплыя краіны!» — пракаментавала ўбачанае Галіна Дубянецкая. Заглянуўшы ў інтэрнэт, я знайшоў навіну (праўда, яна з’явілася з вялікім спазненнем), што 2 чэрвеня памерла Ніна Корсак — першая жонка Барыса Кіта. Тут жа я зачытаў інфармацыю: «Нарадзілася Ніна Корсак 10 жніўня 1920 года ў Лебедзеве (сёння Маладзечанскі раён) у сям’і Івана Корсака і Наталлі Глод. Бацька быў кіраўніком царкоўнага хору, з прыходам саветаў быў арыштаваны і адпраўлены ў Сібір...» І адразу ж усе ў машыне ўзгадалі, што гэтае Лебедзева, дзе нарадзілася першая жонка Барыса Кіта, знаходзіцца недалёка ад Таццянінага Маркава.