Читать «Заўтра была адліга-3» онлайн - страница 2

Віктар Шніп

***

11.03.2015. Каля аўтобуснага прыпынку вялікі шматок газеты, як лапік бруднага снегу.

***

12.03.2015. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «З друкарні пана Марціна Кухты», якая прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння друкара. Вёў імпрэзу Алесь Суша. Выступалі амбасадар Літвы ў Беларусі Эвальдас Ігнатавічус і дырэктар Музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка. Я прачытаў верш.

Балада Марціна Кухты

(1875—1956)

У Вільню, як у Рым, усе сцяжыны.

І ты прыйшоў сюды не каву піць

І рукі цалаваць старым жанчынам,

Каб потым толькі грошы іх любіць.

І Вільня для цябе як цэнтр сусвету,

Дзе кожнаму ў Еўропу ёсць вакно,

Дзе вершы геніяльныя паэты

Ствараюць, нібы ткуць з агню руно,

Якое цэніш ты, як вернасць цэніш,

Бо ты не проста віленскі друкар,

Які прыгожыць словамі паперу,

А вечнасць ёй даеш, здзяйсненне мар

Даеш паэту, што ля сіняй бухты

Напіша з думкамі аб родным краю:

«Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты».

І ты, выходзячы з друкарні ў Вільню,

Глядзіш на зоры, да якіх ляцім.

І спраў хапае для цябе шчэ пільных,

Бо ты прыйшоў у Вільню, як у Рым.

***

12.03.2015. Мёртвыя не крыўдзяцца...

***

14.03.2015. Прагляд харошага фільма, як яшчэ адно пражытае жыццё...

***

15.03.2015. Учора ў Маскве на 78-годзе жыцця за дзень да свайго дня народзін памёр расійскі пісьменнік Валянцін Распуцін. У 1986 годзе, калі я вучыўся ў Літінстытуце, мяне з ім пазнаёмілі празаікі-аднакурснікі. Гэта было ў Цэнтральным Доме літаратараў, куды мы нярэдка хадзілі ў бар выпіць па сто грам каньяку і па філіжанцы кавы. Валянцін Рыгоравіч піў таматны сок і казаў нам: «Не забывайцеся пра вёску! Там вашы карані!..»

***

15.03.2015. Магілёўскае ТБМ арганізавала для сваіх сяброў вандроўку ў Мінск. Пасля ўсіх экскурсій па сталіцы госці з Магілёва прыйшлі ў Чырвоны касцёл на сустрэчу з Людмілай Рублеўскай. Людзей было шмат. Былі і мінчане. Прысутнічаў і я. Людміла расказала гісторыі стварэння сваіх аповесцей і раманаў, пачытала вершы, адказала на пытанні. Па просьбе гасцей пачытаў вершы і я. Словам, сустрэча з Рублеўскай атрымалася змястоўнай і цікавай. Праўда, нас гаспадары касцёла вадзілі з аднаго памяшкання ў другое, бо там, дзе мы збіраліся, праз нейкі час пачыналася раней запланаванае мерапрыемства. Ходзячы сюды-туды, я сказаў Людміле: «Нас водзяць па касцёльных сутарэннях так, як Маісей вадзіў свой народ па пустыні...»

***

16.03.2015. Праз дзесяць дзён у мяне будзе непрыкметны юбілей, а ўжо сёння аўтар «Буквара» Анатоль Клышка патэлефанаваў і павіншаваў са святочнай датай. У свой час мы працавалі ў адным будынку — ён у «Полымі», а я ў «ЛіМе». Калі я сказаў, што яшчэ рана віншаваць, Анатоль Канстанцінавіч засмяяўся: «Затое запомніш, што я быў першым!» Пажартаваўшы, я паглядзеў у тэлефонны даведнік і даведаўся, што самому Анатолю Клышку 16 красавіка будзе 80.

***

16.03.2015. У Камаях Пастаўскага раёна на 79-м годзе жыцця памёр паэт Аркадзь Нафрановіч. Узгадалася, як у 1997 годзе ён прывёз новыя вершы ў «ЛіМ». Напачатку Аркадзь Іосіфавіч зайшоў да мяне, пагаварылі. Потым я адвёў яго ў аддзел паэзіі да Юрася Свіркі. Недзе праз паўгадзіны ў рэдакцыйным калідоры пачуўся тупат. Адчыняю дзверы і бачу, як да кабінета Свіркі збіраюцца супрацоўнікі штотыднёвіка, а з самога кабінета чуецца песня з нейкай оперы. Што здарылася? Іду глядзець. І бачу: спявае Аркадзь Нафрановіч!