Читать «Планета людзей» онлайн - страница 190

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Якім бы важным ні здаваўся нам учынак, каб ён не аказаўся бясплённым, мы не смеем забываць, дзеля чаго гэты ўчынак чыніцца. Мы імкнёмся выхаваць у людзях павагу да чалавека. Навошта ж мы ненавідзім адзін аднаго, калі мы з аднаго лагера? Ніхто з нас не можа прэтэндаваць на манапольную чысціню намераў. У імя майго ўласнага шляху я магу адвяргаць дарогу, якую выбраў нехта іншы. Я магу крытыкаваць пасылкі яго інтэлекту. Пасылкі інтэлекту не бясспрэчныя. Але я абавязаны паважаць гэтага чалавека, як носьбіта Духу, раз ён імкнецца да той жа зоркі.

Павага да Чалавека! Павага да Чалавека!.. Калі павага да чалавека закладзена ў сэрцах людзей, яны ўрэшце непазбежна прыйдуць да заснавання такой сацыяльнай, палітычнай ці эканамічнай сістэмы, якая зробіць гэтую павагу непарушным законам жыцця.

Усялякая культура закладваецца перад усім у самой чалавечай сутнасці. Спачатку гэта сляпое імкненне чалавека да цяпла. I толькі потым, ідучы ад памылкі да памылкі, ён знаходзіць шлях, які вядзе яго да агню.

VI

Вось чаму, сябар мой, мне так патрэбна тваё сяброўства. Я прагну спадарожніка, які, узняўшыся над усімі-ўсялякімі звадкамі інтэлекту, паважаў бы ўва мне паломніка, які шукае шлях да гэтага агню. Часам мне трэба загадзя адчуць абяцанае цяпло, хоць трошкі ўзняўшыся над самім сабою, адпачыць у сустрэчы, якая будзе нашай.

Я так стаміўся ад палемікі, ад непрымірымасці, фанатызму! Я магу зайсці да цябе, не нацягваючы на сябе аніякага мундзіра, не спавядаючы ніякага Карана і не адракаючыся ні ад чога, што складвае частку майго ўнутранага «я». Побач з табой мне няма патрэбы ні каяцца, ні апраўдвацца, ні нешта даказваць; наша сустрэча ахіне мяне мірам, як некалі ў Турню. Па-над усімі маімі няўклюднымі словамі, па-над усімі маімі нягеглымі разважаннямі, якія могуць быць памылковыя, ты бачыш ува мне проста Чалавека. Ты ганаруеш ува мне пасланца маёй веры, маіх звычак, маіх прыватных захапленняў. I калі я рознюся ад цябе, дык гэтым я не толькі не ганьблю цябе, а, наадварот, узбагачаю цябе. Ты распытваеш мяне, як распытваюць падарожніка.

Як і любы іншы чалавек, я маю патрэбу ў прызнанні, і я адчуваю сябе чыстым у табе і крочу да цябе. Мяне цягне туды, дзе я чысты. I не мае догмы ці ўчынкі некалі памаглі табе зразумець, які ёсць я, а тваё прыманне мяне такім, які я ёсць, спарадзіла ў табе патрэбу быць паблажлівым, памяркоўным і да маіх догмаў, і да маіх учынкаў. Я ўдзячны за тое, што ты прымаеш мяне такім, які ёсць я. Навошта мне сябар, які будзе судзіць мяне? Калі да мяне прыходзіць сябар, у якога баліць нага, я ўсаджваю яго за стол, а не прымушаю танцаваць.

Дружа мой, ты неабходны мне, як горная вяршыня, дзе так вольна дыхаецца! Мне трэба яшчэ раз пасядзець поруч з табою за сталом у старэнькай дашчанай харчэўні на беразе Соны і запрасіць да нашага стала двух воднікаў, у кампаніі з якімі мы вып'ем па чарцы, як сонцам, азораныя ўсмешкай міру.