Читать «Планета людзей» онлайн - страница 187

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Неўзабаве мяне прывялі ў склеп, перароблены ў каравулку. Пры цьмяным святле нягеглай керасінавай лямпы некалькі апалчэнцаў драмалі на лаўках, заціснуўшы ў каленях карабіны. Абыякавымі галасамі яны абмяняліся некалькімі словамі з маімі канвойнымі. Адзін з іх мяне абшукаў.

Я гавару па-іспанску, але каталонскай мовы не ведаю. Аднак я зразумеў, што яны патрабуюць мае паперы. Я забыўся іх у гатэлі. Я растлумачыў: «Гатэль… Журналіст…» — без аніякай упэўненасці, што мае словы ім што-небудзь скажуць. Апалчэнцы з рук у рукі перадавалі мой фотаапарат — як рэчавы доказ. Некалькі апалчэнцаў з тых, што расслаблена драмалі на кульгавых лаўках, з позяхам усталі і з выглядам дакукі прыперліся плячыма да сцяны.

Бо тут панавала дакука. Дакука і санлівасць. Пільнасць гэтых людзей, як мне здалося, была вычарпана дарэшты. Я, бадай, узрадаваўся б праяўленню нават варожасці як знаку чалавечага стасунку. Але яны не уганаравалі мяне ніякім праяўленнем гневу ці хоць бы асуджэння. Некалькі разоў я намагаўся выказаць па-іспанску свой пратэст. Але мае пратэсты падалі ў пустату. Ніяк не рэагуючы, апалчэнцы глядзелі на мяне, быццам на кітайскую рыбку ў акварыуме.

Яны чакалі. Чаго яны чакалі? Вяртання аднаго з сваіх? Світання? Я падумаў: «Можа, яны яшчэ не прагаладаліся?..»

I яшчэ я думаў: «Яны гатовы зараз учыніць несусветнае глупства! Смех, дый годзе!..» Пачуццё, якое адчуваў я, было не так страх, як агіда да бяссэнсіцы таго, што мелася адбыцца. Я думаў: «Калі яны раскачаюцца, калі ім захочацца дзейнічаць, яны стрэляць!»

Ці мне сапраўды пагражала небяспека, ці не? Ці яны ўсё яшчэ сумняваліся, што я не дыверсант, не шпіён, а журналіст? Што мае паперы ў гатэлі? Ці яны ўжо прынялі нейкае рашэнне? Тады — якое?

Я нічога не ведаў пра іх, апрача таго, што яны без асаблівых згрызот сумлення расстрэльвалі людзей. Авангардысты, да якой бы яны партыі ні належалі, палююць не на людзей (чалавек у яго сутнасці для іх не мае значэння), а на сімптомы. Ісціна, якая пярэчыць іхняй догме, успрымаецца імі як заразная хвароба. Пры выяўленні сумніцельнага сімптому, заразнага адпраўляюць у ізалятар. На могілкі. Вось чаму мне падаўся такім злавесным допыт, які яны ўсчыналі зноў і зноў і з якога я ніяк не мог уцяміць, што ім ад мяне трэба. Маё жыццё разыгрывалася ў рулетку. I вось чаму ўва мне раптам узнікла дзіўная патрэба супрацьпаставіць усяму гэтаму хоць нешта рэальнае, выказаць сябе хоць бы крыкам, каб яны прызналі мяне ў маёй сапраўднай сутнасці. Сказаць, напрыклад, колькі мне гадоў! Гэта ж так важна — узрост чалавека! Гэта вынік усяго яго жыцця. Сталасць — яна прыходзіць з гадамі. Яна ствараецца шляхам пераадолення столькіх цяжкіх немачаў, шляхам столькіх перажытых пакут, пераадоленых адчаяў, у змаганні са столькімі небяспекамі, большасць з якіх засталася нават неўсвядомленай. Яна з'явілася вынікам столькіх жаданняў, надзей, жаляў, забыванняў, каханняў. 0, гэта такі ўнушальны багаж вопыту і ўспамінаў — узрост чалавека! Нягледзячы на пасткі, калдобіны і ўхабіны, чалавек, як добра зладжаны вазок, рухаўся наперад. I вось дзякуючы ўпартаму збегу шматлікіх шчаслівых абставін ён апынаецца тут — перад вамі. Яму трыццаць сем гадоў. I гэты вазок, калі дасць бог, пацягне і далей цяжар успамінаў. Я думаў: «Вось да чаго я дажыўся. Мне трыццаць сем гадоў…» Я хацеў бы даць адчуць маім суддзям усю важнасць такога прызнання… Але яны ні пра што больш не пыталіся ў мяне.