Читать «Планета людзей» онлайн - страница 16

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Рыўер пазваніў.

— Ад Байі-Бланкі па-ранейшаму няма радыёграм?

— Няма.

— Выклічце яе па тэлефоне.

Праз пяць хвілін ён дапытваўся:

— Чаму ад вас няма вестак?

— Мы не чуем самалёта.

— Маўчыць?

— Невядома. Скрозь навальніцы. Нават калі ён нешта перадае, мы не чуем.

— А Трылью яго чуе?

— Мы самі не чуем Трылью.

— Пазваніце туды па тэлефоне.

— Спрабавалі: лінія пашкоджаная.

— Якое ў вас надвор'е?

— Пагрозлівае. Маланкі на захадзе і поўдні. Вельмі душна.

— Які вецер?

— Пакуль слабы, але гэта не болей чым на дзесяць хвілін. Маланкі імкліва набліжаюцца.

Маўчанне.

— Байя-Бланка! Вы мяне чуеце? Добра. Пазваніце мне праз дзесяць хвілін.

І Рыўер пачаў гартаць тэлеграмы з паўднёвых аэрапортаў. Усе паведамлялі адно і тое ж: самалёт маўчыць. Некаторыя аэрадромы ўжо не адказвалі Буэнас-Айрэсу, і на карце расплывалася пляма знямелых раёнаў, дзе над невялічкімі гарадкамі ўжо расшалеўся цыклон, дзе ўсе дзверы ўжо шчыльна замкнёныя і кожны дом на цёмных вуліцах, нібы карабель, адрэзаны ад свету і згублены ў ночы. Толькі світанне прынясе ім вызваленне.

Але, схіліўшыся над картай, Рыўер усё яшчэ не траціў надзеі выявіць дзе-небудзь лапінку чыстага неба; ён звярнуўся па тэлеграфе да паліцыі больш трох дзесяткаў правінцыйных гарадоў з пытаннем пра надвор'е, і адказы пачалі паступаць ужо. Кожная радыёстанцыя на лініі ў дзве тысячы кіламетраў атрымала загад: ак толькі будуць злоўлены пазыўныя самалёта, неадкладна, за трыццаць секунд, далажыць пра гэта ў Буэнас-Айрэс, які ў адказ паведаміць для перадачы Фаб'ену, дзе ён зможа знайсці прытулак…

…У поўнай нерухомасці Рыўер узіраўся ў ноч.

Вось так, кожная новая вестка несла ў сабе пагрозы самалётам. Кожны горад, калі лініі сувязі яшчэ былі не зруйнаваныя і ён меў магчымасць адказаць Буэнас-Айрэсу, паведамляў пра няўмольнае набліжэнне цыклону, нібы пра неспадзяванае варожае нашэсце. «Бура ідзе з глыбіні мацерыка, з Кардыльераў. Яна рухаецца да мора і змятае ўсё на сваім шляху…»

Зоркі здаваліся Рыўеру занадта бліскучымі, паветра — занадта волкім. Якая дзіўная ноч! Яна раптоўна пачынала падгніваць — падгніваць слаямі, як мякаць раскошнага з выгляду плода. Над Буэнас-Айрэсам яшчэ панавалі зоры, але гэта быў усяго толькі аазіс, прытым — недаўгавечны. Да таго ж гэты порт быў недасягальны для экіпажа. Грозная ноч, якая гніла пад подыхам ветру. Ноч, якую нялёгка перамагчы.

Дзесьці ў яе нетрах блукаў самалёт, і на ягоным борце — бездапаможныя, устрывожаныя людзі.

XIV

Фаб'енава жонка пазваніла па тэлефоне.

У тыя ночы, калі Фаб'ен павінен быў вярнуцца, яна заўсёды вылічвала час палёту патагонскага паштовага: «Зараз ён вылятае з Трылью…» І зноў засынала. Трошкі пазней: «Цяпер ён ужо набліжаецца да Сан-Антоніо, ён ужо бачыць агні…» Тады яна ўставала, рассоўвала шторы і азірала неба: «Гэтыя воблакі замінаюць яму…» Часам сярод хмар, як пастух, прагульваўся месяц. І маладая жанчына вярталася ў пасцель, супакоеная месяцам і зоркамі: іх тысячы, яны, як жывыя істоты, акружаюць яе мужа. А гадзіне ночы яна звычайна адчувала, што ён ужо блізка: «Ён напэўна ўжо недалёка… Ён ужо бачыць Буэнас-Айрэс…» Тады яна зноў уставала, гатавала яму вячэру, гарачую каву: «Там, угары, так холадна…» Кожны раз яна сустракала Фаб'ена так, нібыта ён спусціўся са снегавых вяршынь: «Ты не замёрз?» — «Ніколечкі!» — «Усё роўна, сагрэйся трошкі…» Да гадзіны з чвэрцю ў яе ўсё было гатова. Тады яна званіла.