Читать «Літоўскі воўк» онлайн - страница 2
Алесь Наварыч
Зрэшты, як яно адбылося на самой справе: чаго пан у клетцы пусціў у ход зубалі, не ведаў ніхто.
2. Сякія-такія тлумачэнні
Пэўна, чытач здзіўлены вышэйнамаляванымі падзеямі. Як так — не ваўкі сядзяць па клетках, а людзі. Чалавек, стварэнне з душою, дадзенай ад нараджэння, сядзіць у клетцы, а ваўкі праходкі разгульваюць на курортным шпацыры ды лапамі ў таго, за кратамі, чалавека тыцкаюць. Недарэчнасць такую мусова растлумачыць, каб усё стала на свае месцы. Яно і так стала б, без тлумачэнняў, але дзеля гэтага чытачу давядзецца прачытаць усю нашу гісторыю да канца, ды ў аўтара няма спадзявання, што гэта можа адбыцца, — свет такі спакуслівы. Ну не даю сабе рады, што знойдзецца хоць адзін, каторы адужае пісанае. Так што мушу разлічваць і на нецярплівых і тлумачыць, што да чаго.
Тлумачэнні такія: за два гады да падзеі, вышэй апісанай, а дакладна — у чэрвені 1862 года, у павятовым мястэчку Старобіне на паштовай станцыі малады чалавек, з адзежы і выгляду пан, шукаў каляску, брычку ці хоць якую сялянскую каламажку ехаць на поўдзень. Пан меў пры сабе рэкамендацыйныя лісты, што ён знавец розных эўрапейскіх моваў, выкшталцоны гувернант, настаўнік танцаў, музыкі і малявання. Яго, гэтага пана, выпісаў шляхціц з Палесся ў якасці хатняга настаўніка сваім дочкам. Гэты настаўнік і ехаў да сваіх вучаніц. Называцьмем і мы маладога пана настаўнікам. Ехаў ён ужо другі тыдзень, а канца свайго падарожжа яшчэ не бачыў. Праўдзівей казаць — бачыў, канец быў блізкі — да Манкевіцкага павета, у якім жылі багаты шляхцюк з дочкамі, было зусім блізка, калі глядзець на мапу Менскай губерні. Садзіся на вазок і — прастуй, за два дні дабярэшся — па мапе да патрэбнага паселішча рукой падаць. Але гэта — паводле мапы.
У рэальнасці гаспадар пастаялага двара ды і возчыкі з жыдоў тлумачылі маскоўцу — выхадню ці то з Арлоўскай, ці то Пензенскай губерні, — што трапіць у Манкевіцкі павет можна толькі праз Мазыр ці кіравацца на Берасце і ехаць тыдзень ці нават два, а напрасткі, праз балоты, ніхто не ездзіць, хіба што зімой, і што дарэмна пан прыехаў сюды, у Старобін.
Як ужо казалася, малады пан быў з расейцаў, твар меў самы што ні ёсць славянскі, шырокі, прыязны. Супраць тагачаснай моды барады не насіў, а быў гладка паголены. Праўда, пад самым носам у пана, на верхняй губе, амаль на самай перагародачцы паміж ноздрамі, рос пук валосікаў. Ці лязо брытвы пры галенні не даставала да іх, ці не быў такі ўважлівы да сваёй фізіі, ці пакідаў гэтыя валосікі наўмысна — хто таго пана ведаў?! Акрамя мапы Менскай губерні меў яшчэ і авантурны характар. Надакучыла боўтацца ў вазкох па разбітых дарогах, намулялі бокі ўласныя дарожныя куфэркі, якія, як іх ні прывязвай, разбэрсваюцца, падскокваюць і танцуюць на вазку нібыта жывыя, і таму перспектыва ехаць іншай губерняй настаўніка не радавала. «Наняць падводу, — думаў ён, — і рынуцца напралом, праз балоты. Ды карчомныя жыдкі казалі, што дарога на поўдзень гадоў трыццаць, як не падсыпалася».