Читать «Пах летнiх траў» онлайн - страница 2

Вячаслаў Адамчык

Потым будзе прыпынак у Стоўбцах, пасажыры наперабой пачнуць купляць чарнiцы. У Стоўбцах сядзе нейкi хлопец на першае сядзенне каля кабiны i пачне ўсё гаварыць нейкай жанчыне пра Данбас, што ён там зарабляе аж па тры сотнi i нашто сядзець дома. I будзе паглядаць на дзяўчыну, на круглыя загарэлыя каленi пад кароткаю тугою спаднiчкаю.

А потым пойдзе пясчаная дарога, пыл i маладыя хвойнiкi. Пакажацца Мiр — чырвана-шэры замак за лiпамi, брукаваны пляц каля спаленага касцёла без вежы, бярэзiнка на муры, i будзе зноў прыпынак: будуць курыць мужчыны ў скверыку, i нехта будзе садзiць дзiця за кусцiкам. Будзе яшчэ гарачыня ў Карэлiчах. Нехта астанецца, забядуюць жанчыны, што чалавеку можа спешна трэба i прыйдзецца яшчэ раз трацiцца на дарогу.

А табе будзе не цярпецца — скарэй бы дадому. А аўтобус будзе яшчэ доўга i не раз стаяць на прыпынках. I толькi, калi мiнецца Наваградак, калi за вёскамi, за жытнiмi палямi паўстануць Кашалёўскiя лясы — сырыя, цёмныя, як вечнасць, адчуеш, што ты дома. Пабяжыць шаша, густа абсаджаная паабапал бярэзiнамi, у якiх пад шнур абрэзаная i пабеленая кара, а потым замiльгаюць арабiны з жоўта-чырванаватымi чачоткамi, i ўспомнiцца, як яны чырванеюць да самай восенi: ужо ападзе лiсце, ужо шарэе белы марозiк па траве ў канавах, а на арабiнах яшчэ чырванеюць чачоткi — сумная памятка аб цяпле i леце. Прыгадаецца, як некалi малы назбiраеш iх цэлы кошык, закiнеш на гарышча на ўсю зiму на лякарства, а зiмою яны сухiя i горка-салодкiя, ясi i не крывiшся.

Мiнецца хутар воддаль шашы ў садку, у яблынях, сумны журавель над студняю. Успомнiцца, як некалi малым iшоў разам з жанчынамi па ягады i як заходзiлi сюды пiць ваду. Успомнiцца цяжкае драўлянае вядро — акованае, скрып сцюдзёнае вады на зубах, цяжка падаюць празрыстыя кроплi на густа-мяккую мураву, успомнiцца стары калодзеж, паабрастаныя зялёным мохам каменнi, далёкi i халодны бляск вады i слiзкая жабка, затоеная мiж каменняў.

Будуць пералескi, трывожная радасць, што недзе зусiм блiзка свая вёска. I раптам засiнее сваё неба — чыстае i цёплае. Пабяжыць ад шашы дарога праз ядлоўцы ў глiнiшчы — i будуць вiдаць хутары. I будзе недзе вёска за грудамi. Мiнецца пераезд. Надпiс крыжам: «Сцеражыся цягнiка», паласаты шлагбаўм.

А вось ужо вiдаць i першая Паўлюкова хата, старая груша на надворку, новы частакол.

Замiльгаюць тэлеграфныя слупы — i сонца блiсне на правадах, як маланка.

I будзе вёска. Белая, накрытая чарапiцаю Дзям'янава хата. Нехта сядзiць на надворку ва ўсiм споднiм, накiнуўшы на плечы кажух, мусiць, стары Дзям'ян.

А вось гумно каля самае шашы — iржавая бляха на страсе, надворак, абгароджаны калючым дротам.