Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 47

К Тарасов

На радунiцу, калi Мiндоўг быў у паходзе, павяла Агна Руклю i Рэпiка на жальнiк да Марты. Пачысцiлi ад леташняга лiсця i паправiлi магiлку, пасумавалi, i Агна адпусцiла пляменнiкаў. У адзiноце яна прысела на капец i пачала плакаць, адчуваючы свае бездапаможнасць i бяссiлле ў жыццi. Уявiлася Крэва, iгэтак моцна захацелася быць у сваiм доме, пад крылом у Даўмонта, з якiм гулялi вяселле, якi прыехаў за ёй з дружынай, якi казаў ёй пяшчотныя словы i глядзеў на яе закаханымi маладымi вачыма. А тут нiкога роднага, нiхто не любiць, усе чужыя, бо i ёсць чужына, замест сястры - капец халоднага пяску, куды нi зiрнi - нiчога свайго, i ўжо да скону цярпець гэты лёс паланянкi...

Выплакаўшы боль з сэрца, пакiнула Агна могiлкл i чамусьцi замест замка скiравалася да лацiнскай бажнiцы, што стаяла за замкавым ровам пры дарозе ў горад. Гэта была невялiчкая будынiна са стромкiм дашчатым дахам i крыжам, прымацаваным над дзвярыма. "Вось, дзе Веда хрысцiлася", - падумала Агна i зацiкаўленая ўвайшла ў бажнiцу. Каля дальняй сценкi яна ўбачыла на стале крыж, асветлены некалькiмi свечкамi, а перад iм стаяў на каленях чалавек, у якiм яна пазнала канюшага Сiпайлу. Ён азiрнуўся на рып маснiцы i Агна прыкмецiла ў ягоным позiрку здзiўленне i разгубленасць. Канюшы перахрысцiўся, устаў з каленяў i выйшаў з хацiны. "Гэтак i Марта тут на каленях стаяла", - падумала Агна i нiбы адчула яе прысутнасць. Над агеньчыкамi свечак, пад самым дахам варушыўся нейкi цень. "Гэта яе цень", - вырашыла Агна, i пачала расказваць сястры пра сваё цяперашняе жыццё. Была б ты жывая, гаварыла Агна, i я была б шчаслiвая пры маладым мужу, цi падманвалася б, што шчаслiвая. А цябе няма - i жыву я ў тваiм доме, п'ю з твайго кубка, ем тваёй лыжкай, гадую тваiх дзяцей, а брата тваiм сынам нарадзiць ад Мiндоўга я не захацела. Думаў, магчыма, твой муж, што я ва ўсiм буду, як ты, абарачуся ў цябе, а я не магу сваё мiнулае тваiм замянiць. Памятаю, як забiраў цябе да сябе Вiшымунт, я маленькая была i зайздросцiла: хацелася i мне хутчэй пайсцi замуж. Нi Вiшымунта, нi цябе адзiн твой муж Мiндоўг усiх перажыў. Напэўна, калi б мяне некалi гадзюка не ўкусiла, я няшмат памятала б пра цябе. Я дзяўчынка была, ты - выданнiца. Сёстры выходзяць замуж, а iхныя мужы могуць да смерцi варагаваць, i сёстры ўсё жыццё не бачацца. Калi б не тая гадзюка ў малiннiку, я, вiдаць, ненавiдзела б цябе зараз, бо твой муж маё жыццё зламаў. А цяпер я ведаю: нахлусiў ён мне i ўсiм пра тваю апошняю волю. Ён нахлусiў, а таму я жыву недарэчна. Калi была з Даўмонтам, хацелася мне доўга пражыць, а цяпер зноў зайздрошчу табе, як у дзяцiнстве. Ты зноў пры бацьку i мацi, i мне часцяком хочацца да вас, каб мацi папесцiла i бацька пашкадаваў. Былi такiя ў мяне днi, Веда, што я тваiх сыноў Рэпiка i Руклю не любiла i не хацелася мне iх бачыць - Мiндоўгава семя, а прайшла злосць, i шкада мне iх, што без тваёй ласкi растуць. I трывожна мне за iх. Калi ты ды iншыя нашыя дзяды можаце iх з нябёсаў апекаваць, дык падайце нам знак процi бяды, таму што ходзiць за Мiндоўгам смерць, а ён не бачыць. I я буду клапацiцца пра дзяцей, а вас чакаць восенню на вашае свята. А як далей жыць, не ведаю. Не атрымлiваецца ў мяне думаць "пашанцавала" аб тым, што прыняла як няшчасце. Такое ў мяне адчуванне, сястра, што я не стаю на зямлi, а нясе мяне некуды вецер. Калi хацела назад да Даўмонта, мелася ў мяне сiла трываць. Ды ён мой вясельны ручнiк мне вярнуў i перад маiм крыўдзiцелем скарыўся. Нявесту шукае. Цяпер у Крэва не хачу, а тут трымацца не маю за што. Не магу я за тваiх сыноў ухапiцца - i нашто падлеткам няшчасная цётка? Блага я прыдумала вытруцiць сваё дзiця. Але не пра яго тады думала, а пра Даўмонта, пра чужых людзей, чужыя словы. Яго пашкадавала, сябе пакарала... А цяпер пра Даўмонта зрэдку думаю, а ў чым знайсцi для сябе радасць - не ведаю. Калi б ты цi мацi наша прыйшлi да мяне ноччу, далi падказку, што мне рабiць... Мне, апроч вас, нiхто не дапаможа, а сама я не ведаю, як мне прачнуцца i адчуць сябе жывой у гэткiм жыццi.