Читать «Апошняе каханне князя Мiндоўга (на белорусском языке)» онлайн - страница 44

К Тарасов

14

Зiма выдалася марозная, частыя завеi непралазна закрылi ўсе дарогi да немцаў i да iх, i месяцы ад калядаў да вялiкадня прайшлi для наваградцаў мiрна. А вясной, калi растае снег i разлiваюцца рэкi, вайны не пачынаюць няма дзе прайсцi коннаму i пешаму войску. Таму i зiму, i вясну нiхто не наязджаў, самi па лупы не хадзiлi, толькi на ловы ў пушчу выпраўляўся Мiндоўг, калi заядала яго нуда замкавай аднастайнасцi.

Агна ў тыя днi, калi князь ад'язджаў паляваць, чакала, што яго прывязуць у замак забiтага. Ажэнiцца Даўмонт наноў цi не ажэнiцца - ягоная справа, але ён абавязаны адпомсцiць. Нiхто не аддасць Даўмонту сваю дачку, пакуль ён не адпомсцiць за першую жонку. I мроiлася ёй, як Даўмонт тоiцца ў лесе i выпускае стралу ў разбуральнiка iхнага жыцця. Але князь вяртаўся цэлы. Ацэньваючы вышыню сумётаў i стойкi мароз, Агна разумела, што гэтакай смерцi Мiндоўга чакае дарэмна. Адкуль Даўмонту ведаць, калi збярэцца вялiкi князь на ловы, дзе яго трэба чакаць. Не можа ж ён у лютыя маразы месяцамi сядзець у засадзе. Але супроць разумных высноваў трапятала ў сэрцы надзея на ўдачу, калi двор чакаў вяртання князя з пушчы. "Няўжо так i застанецца ўсё, пакуль Мiндоўг сам па сабе не сканае?" - тужлiва думала яна. Чакаць сабе волi месяц за месяцам, а можа i год за годам, гаспадарыць у ненавiсным замку на правах цёткi, прымаць паклоны ад чэлядзi як князевай жонцы. Зашмаргу ён для мяне сплёў, думала Агна.

Зiмовыя днi яна бавiла за кроснамi - ткала посцiлку, каб заглушыць працай горасць неадступных думак. Страцiўшы князеў дарунак, захаваўшы волю, Агна паспакайнела, i ў гэты час паявiлiся ў яе суразмоўнiцы - дзве мазуркi, якiх удзень выпускалi з камораў, каб не акалелi там з холаду. Звалi iх Ванда i Малгажата. Ванду павiнен быў выкупiць бацька, ужо прыязджалi ад яго ўдакладняць выкуп. Малгажата была замужняя, i ў Варшаве застаўся яе трохгадовы сын. Яна была ўпэўненая, што яе выкупiць муж. За паўгода палону мазаўшанкi схуднелi, адзенне збузавалася, валасы вiселi патламi, а больш за ўсё iм хацелася есцi. Князь на Агнiну просьбу змянiць паланянкам адзенне адказаў так:

- Калi iхныя сваякi даведаюцца, што iх кормяць, мыюць, даюць вопратку, iх нiколi не выкупяць. Сваякi, каб ты ведала, не надта шкадуюць тых, каго ў палоне шкадуюць.

- Хiба больш пашкадуюць, - запярэчыла Агна, - калi ўбачаць ссохлых, няскрэбеных, у лахманах, паедзеных вошамi ды блашчыцамi? Наадварот, падумаюць: што выкупляць - шкiлет?

Князь падумаў i пагадзiўся напалову:

- Калi такая чуллiвая - нагрэй iм вады.

У кухнi за печчу мазуркi ўпершыню з лета памылiся. "Пан Езус, - казала Малгажата, - нiколi не думала, што буду шчаслiвая, стоячы ў балеi з цёплай вадой. Калi муж выкупiць, месяц адсяджу ў лазнi. Паем - i на палок. Абальюся вадой - i зноў есцi. Вось якiя цяпер мары - як у бяздомнага сабакi. Раней бывала прачнуся - Пане Божа, у касцёл трэба бегчы, там iмша, як жа без мяне, ксёндз будзе крыўдаваць, Пан Бог не даруе. Цяпер прачнуся i думаю - Божа, дзе мне сёння лустачку хлеба выклянчыць. Палову цела страцiла. Сядзець няма на чым. Косцi пад скурай грукочуць. А раней я мажная была кабета. Муж не пазнае, абдымаць пабаiцца..."