Читать «Шорахi чужой планеты (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Владимир Шитик

- Якiм здаецца свет праз чорныя акуляры?

Камай азiрнуўся. Балачан стаяў побач.

- Нешта мы не так робiм.

Балачан адвярнуўся ад акна, агледзеў пакой - прасторны, амаль без мэблi - два сталы i некалькi крэслаў, усмiхнуўся:

- Жывём, як на Зямлi.

- А працуем, як у космасе.

Зноў нешта трывожнае для сябе пачуў Балачан у гэтых словах Камая. Пасур'ёзнеў, спытаў:

- Абрыдла?

Камай памаўчаў, быццам правяраў сябе, проста адказаў:

- Не.

Балачан задаволена кiўнуў галавой, прапанаваў:

- Пабываем у цяснiнах, зараз?

Гравiлёт апусцiўся побач са станцыённым домiкам. Лаланд ужо схаваўся за горы, i ў далiне зрабiлася цемнавата. Балачан выскачыў з кабiны, са здавальненнем расправiў мускулы. На прыцярушаным тонкiм пластом пылу каменным доле вiднелiся сляды, пакiнутыя iмi ў мiнулыя прыезды. А далей прасцiралася няходжаная цалiна.

- Яшчэ адзiн доказ на карысць Тарасевiча, - зазначыў Камай.

Балачан нiчога не адказаў i, нахiлiўшы галаву, пакрочыў да ўвахода ў блiжэйшую цяснiну. Камай, сочачы за адбiткамi яго падэшваў на пыле, пастаяў, аж пакуль ён не схаваўся за павароткай, i тады пайшоў за iм. Каменны мячык быў меншы за Зямлю, i вага людзей тут была адпаведна меншая. Аднак ногi, адвыклыя ад працяглай нагрузкi, шаркалi, чаплялiся за скрытыя пад пылам зацвярдзелыя камякi, падгiналiся на роўным месцы. Камаю падумалася, што iм трэба больш рухацца, часцей рабiць вылазкi па наваколлi. Гэта i для справы будзе карысна, бо яны па сутнасцi нiчога пра планету не ведаюць, ва ўсiм даверылiся вывадам экспедыцыi Тураўца. А ёсць жа тут, напэўна, i iншыя цiкавыя куткi.

Калi Камай павярнуў у цяснiну, Балачан быў ужо далекавата. Ён крочыў больш упэўнена, лягчэй, чым Камай. На адлегласцi нават не заўважалася, што ён апрануты ў скафандр, i каб не гермашлем - празрысты блiскучы шар на галаве, можна было б падумаць, што чалавек у звычайным зямным убраннi.

Цяснiна была доўгая i вузкая. Яе гранiтныя бакi амаль не пашыралiся ўверсе, былi гладкiя i роўныя, як аблiцаваныя. Камай ужо заглядваў сюды, калi ставiлi станцыю. Тады ў яго не хапiла часу, каб па-сапраўднаму ацанiць гэту прыгажосць. А ў начныя дзяжурствы Балачан не дазваляў выходзiць вонкi, ды ў цемры нiчога гэтага i не ўбачыш.

Неўзабаве Балачан спынiўся, узняў галаву, нешта выглядаючы на стромкiм схiле.

- Што там? - крыкнуў Камай.