Читать «Шорахi чужой планеты (на белорусском языке)» онлайн - страница 10
Владимир Шитик
Аднак, калi Балачан выказаў гэту сваю думку, сказаўшы, што ў далiне больш рабiць няма чаго, хлопцы нечакана для яго заўпарцiлiся.
- Мiтусiшся, - зазначыў коратка i з'едлiва Тарасевiч.
- Давай давядзём да канца пачатае, - не згадзiўся i Камай, - хочаш, я паеду замест цябе.
- Вынiкаў жа няма, - паспрабаваў пераканаць Балачан.
- У нас наперадзе шмат часу, каб дазволiць сабе не спяшацца, - сказаў Камай.
Можна было выкарыстаць сваё становiшча кiраўнiка экспедыцыi i загадам змянiць напрамак работы. Але Балачан не хацеў прымяняць уладу - не было вартай альтэрнатывы таму, што яны рабiлi да гэтага часу.
Камай вярнуўся да дэшыфратара, Тарасевiч паехаў на назiральную станцыю, а Балачан пачаў рыхтавацца да чарговага блукання па далiне.
Ночы ў экватарыяльнай паласе Каменнага мячыка былi падобныя адна на адну. I Балачану хутка здалося, што ён нiбы i не вяртаўся на базу, а як прыйшоў сюды заўчора, так i заставаўся ўсе тры днi. Гэта было кепска. Нельга ж чакаць, што ты ўбачыш нешта там, дзе табе ўсё ўяўляецца аднастайным, знаёмым i нават абрыдлым. А ногi самi неслi яго да таго каменнага выступу, на якiм ён адпачываў надоечы.
Стомы не было, але Балачан усё роўна сеў. Яркая суседка Каменнага мячыка павiсла над галавой. Яна выглядала большай, чым з Зямлi здаецца Венера, i нават сляпiла вочы. Балачан зажмурыўся i тады зноў успомнiў той прыбалтыйскi гарадок. Думкi пацяклi павольна, лянiва, як у чалавека, якi пачынае засынаць. Балачану было неахвота працiвiцца гэтаму стану. Ён уяўляў жоўты пляж, на якi накатвалiся пенiстыя шэрыя хвалi, людзей, што выбягалi разам з хвалямi на бераг i з ходу кiдалiся на нагрэты гарачым сонцам пясок.
На момант Балачан нiбы збоку паглядзеў на гэту карцiну i тады ўбачыў сярод загарэлых цел сябе. Вось ён павярнуўся да суседа, загаварыў з iм. "Мой апошнi дзень", - паведамiў сусед. "Куды?" - спытаў ён. "Дадому, на Марс". На Марс дык на Марс. Больш яны нi пра што не гаварылi, Балачан гэта добра памятае. Але яму раптам уявiўся працяг той размовы, нiбы сусед расказваў пра Марс, а ён, Балачан, бачыў усё гэта, толькi не са слоў суседа, а так, як быццам усё было на Марсе з iм асабiста. Да дэталяў. I пры гэтым ён увесь час здзiўляўся, што нiбы сам сабе задае пытаннi: як пабудаваны планеталёт, як выглядае марсiянскi ландшафт. Ад гэтых успамiнаў масткi непрыкметна перакiнулiся на Каменны мячык. I як тады, горы пачалi набываць абрысы фантастычных пабудоў. Потым каменны выступ, на якiм ён зараз сядзеў, здаўся зусiм не выступам, а прыступкай высокага ганка перад зачыненымi дзвярыма...
I тут Балачан схамянуўся, паматаў галавой, адганяючы дакучлiвы прывiд. Зiрнуў на гадзiннiк. Дзве гадзiны i восем хвiлiн. Да свiтання яшчэ доўга. Ён устаў, адышоў некалькi крокаў, пастаяў, зноў зiрнуў на гадзiннiк. Час цягнуўся вельмi марудна. Прайшло ўсяго пяць хвiлIн. I раптам яго як павяло сесцi на выступ зноў.