Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

Жан Поль Сартр

Маленькi рэвальвер панi Флёр'е ляжаў у левай шуфлядзе камода. Ёй падарыў яго муж у кастрычнiку 1914-га перад тым, як пайсцi на фронт. Люсьен узяў яго i доўга круцiў у руках: ён быў падобны да цацкi - залачоная руля, дзяржанне з мацiцовымi бляшкамi. Каб пераканаць людзей, што яны не iснуюць, разлiчваць на фiласофскi трактат немагчыма. Тут патрэбен учынак, i ўчынак сапраўды адчайны, якi мог бы развеяць усякую двухсэнсоўнасць i паказаць у яркiм святле рэальны нябыт гэтага свету. Гучны выбух, на дыване - маладое цела ў крывi, некалькi словаў, накрэмзаных на лiсточку паперы: "Я забiваю сябе, таму што не iсную. I вы, браты мае, вы таксама - нiшто!" Людзi прачытаюць у ранiшнiх газетах - i ўбачаць: "Падлетак адважыўся!" Усе будуць страшэнна збянтэжаныя, i кожны спытае ў сябе: "А я? Цi я iсную?" У гiсторыi ўжо вядомы - напрыклад, пасля публiкацыi "Вертэра" - падобныя эпiдэмii самазабойстваў: Люсьен падумаў, што французскае слова "martyr"* па-грэчаску азначае "сведка".

* Маrtyr (франц.) - пакутнiк.

Няхай ён быў занадта чуллiвы, каб зрабiцца начальнiкам, але не настолькi, каб з яго не выйшаў пакутнiк. Цяпер ён часта заходзiў у будуар сваёй мацi i разглядаў рэвальвер, нiбыта ўпадаючы ў агонiю. Часам ён нават закусваў залачоную рулю i моцна сцiскаў у пальцах дзяржанне. Але ўвогуле ён быў даволi вясёлы i думаў, што ўсе сапраўдныя начальнiкi адчувалi спакусу самазабойства. Напрыклад, Напалеон. Люсьен не хаваў ад сябе, што дайшоў да астатняй ступенi роспачы, але спадзяваўся, што выйдзе з гэтага крызiсу з загартаванай душой, i з цiкаўнасцю прачытаў "Мемарандум св. Елены". Тым не менш трэба было прыняць рашэнне: апошнi тэрмiн сваiм ваганням Люсьен прызначыў на 30 верасня. Днi, якiя наблiжалi яго да гэтае даты, былi неймаверна цяжкiя; безумоўна, пералом мусiў быць дабратворны, але патрабаваў ад Люсьена такога напружання волi, што часам ён пачынаў баяцца, што аднойчы не вытрывае i зламаецца, як шкляны. Ён ужо не адважваўся дакранацца да рэвальвера; ён толькi выцягваў шуфляду, трошкi падымаў матчыну камбiнацыю i доўга глядзеў на маленькага халоднага i настырнага монстра, што патанаў у ружовым ядвабе. На шчасце, шматлiкiя клопаты, звязаныя з пачаткам навучальнага года, адцягнулi яго ўвагу: бацькi паслалi яго ў лiцэй св. Луi, дзе ён мусiў вучыцца на падрыхтоўчых курсах у Цэнтральную школу. Ён хадзiў у прыгожай пiлотцы з чырвоным шляком i значком i спяваў:

Поршань рухае магутныя машыны,

Поршань рухае вагоны й цягнiкi...

Такое новае "поршневае" званне напаўняла Люсьена гордасцю; апроч таго, iх клас быў непадобны да iншых: у iм былi свае традыцыi, свой цырыманiял, i гэта была сiла. Напрыклад, быў такi звычай, калi за пятнаццаць хвiлiн да канца заняткаў па французскай мове чый-небудзь голас пытаўся: "Хто такi сiрар?" I ўсе глуха адказвалi: "Казёл!" На што той жа голас пытаўся зноў: "Хто такi агрон?" I ўсе адказвалi крыху гучней: "Казёл!"*