Читать «Начальнiкава дзяцiнства (на белорусском языке)» онлайн - страница 12

Жан Поль Сартр

Неўзабаве Люсьен ужо цалкам пагрузiўся ў дрымоту. Праўда, гэтага нiхто не заўважыў, апроч панi Кафэн, якая цяпер называла яго сваiм "спячым прыгажуном". Нейкi вялiкi паветравы камяк, якi Люсьен не мог нi праглынуць, анi выплюнуць, безупынку распiнаў яму рот: гэта быў яго позех. Калi ён заставаўся адзiн, камяк рос усярэдзiне i прыязна лашчыў гартань i язык, рот разяўляўся шырока-шырока, i слёзы цяклi па шчоках: гэта былi вельмi прыемныя хвiлiны. I хоць цяпер яго ўжо не так забаўляла, калi ён сядзеў у прыбiральнi, затое яму вельмi падабалася чхаць - гэта яго абуджала: нейкае iмгненне ён глядзеў вакол усмешлiвым позiркам i потым зноў засынаў. Люсьен навучыўся распазнаваць розныя вiды сну: узiмку ён садзiўся каля камiна i нахiляўся галавой да агню; калi галава чырванела i добра падпражвалася - з яе раптам усё вылятала; ён называў гэта "засынаць галавой". А ранiцай у нядзелю ён залазiў у ванну i, наадварот, - засынаў праз ногi: ён паволi апускаўся ў ваду, i сон цiхiм плёхкатам падымаўся па яго нагах i сцёгнах. Цела засынала i здавалася пад вадой зусiм белым, надзьмутым, нiбы паветравы шар, i было падобнае да варанай курыцы, а над iм плавала бялявая галава, поўная вучоных словаў: тэмп, тэмпера, тамплiер, сейсмiка, iканаборац. На ўроку сон быў празрысты i рассечаны маланкамi: "А што, па-вашаму, ён мог зрабiць супраць трох?" Першы: Люсьен Флёр'е. "Што такое трэцяе саслоўе: нiшто". Першы: Люсьен Флёр'е, другi: Вiнкельман. Па алгебры першы быў Пэльро, у яго было толькi адно яйцо, другое не апусцiлася; ён браў па два су за пагляд i дзесяць - каб дакрануцца. Люсьен даў дзесяць, пасля завагаўся, нерашуча працягнуў руку, але так i пайшоў, не памацаўшы. Потым яго мучыў такi жорсткi дакор, што ён часам не мог заснуць больш за гадзiну. Геалогiя ў яго iшла горш за гiсторыю: першы Вiнкельман, другi Флёр'е. Па нядзелях ён разам з Касцiлем i Вiнкельманам выпраўляўся на шпацыр на роварах. Ровары кацiлi па мучным пыле сярод рудых палёў, што стагналi ад спёкi; дужыя Люсьенавы ногi жвава круцiлi педалi, але санлiвы дарожны пах удараў у галаву, ён прыпадаў да руля, i вочы ў яго рабiлiся зусiм ружовыя i самi заплюшчвалiся. Тройчы Люсьен даставаў першы прыз за руплiвасць. Яго ўзнагароджвалi "Фабiолай, або Рэлiгiяй катакомбаў", "Духам хрысцiянства" i "Жыццём кардынала Лавiжры". Пасля летнiх канiкулаў Касцiль навучыў усiх дзвюм выдатным песням - "Мецскi артылерыст" i "De Profundis Morpionihus". Люсьен вырашыў яго пераплюнуць i, прачытаўшы ў бацькавай Медыцынскай энцыклапедыi артыкул пра "Матку", падрабязна растлумачыў таварышам, як у жанчын усё зроблена, зрабiўшы нават на дошцы малюнак; Касцiль заявiў, што гэта паскудства, але пасля яны не маглi без рогату чуць пра трубы, i Люсьен з задавальненнем думаў, што ва ўсёй Францыi не знайсцi вучня другога класа цi нават класа рыторыкi, якi гэтак жа добра, як ён, ведаў бы жаночыя органы.