Читать «Дарагая, мiлая мадам (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Роже Гренье

Пасля гэтага мы пачалi запiсваць перадачы на грампласцiнкi, якiя дастаўлялiся на востраў i ўжо там, на месцы, перадавалiся ў эфiр. Колькi клопату мелi мы ад гэтай праклятай "сiнхранiзацыi" - гэта значыць стыкоўкi пераходаў з адной пласцiнкi на другую. Не буду хвалiцца, але работа гэтая патрабавала неверагоднай дакладнасцi i спрыту.

Пазней я даведаўся, што перадачы нашы выпускалiся ў эфiр з васьмi гадзiн ранiцы па мясцовым часе. А паколькi на востраве рана ўставаць не вельмi любяць, то ставiць нашы пласцiнкi даручылi прыбiральшчыцы-мурынцы. Яна i ставiла iх, як ёй хацелася. I каму была патрэбна наша "сiнхранiзацыя"?!

Але прагрэс браў сваё. Мы сталi запiсваць перадачы на магнiтафон, а плёнкi самалётам адпраўлялiся на востраў. Неўзабаве рэдакцыя атрымала ўдзячнае пiсьмо: "Шчыра дзякуем вам, што дасылаеце чыстую плёнку. У нас, ведаеце, гэта вялiкi дэфiцыт". Аказалася, што самалёт, пералятаючы тропiкi, кожны раз трапляў у магнiтныя буры, якiя сцiралi ўсе нашы запiсы.

Ну а што ж было потым? - спытаецеся вы.

А справа ў тым, што нiякага "потым" не было, бо востраў атрымаў сваю незалежнасць.

- Пачакайце, а Галабэр?..

Высока пад столлю вялiзныя лопасцi вентылятара перамешваюць душнае, цяжкае паветра... Сумна, змрочна на душы. Слухаю балбатню Рэнье, а сам толькi i думаю пра Галабэра...

Дык на чым жа гэта я спынiўся? А, рыхтаваў я, значыцца, тыя радыёперадачы, якiя не мелi слухачоў. Радыёстудыя тады знаходзiлася побач з Елiсейскiмi палямi. Я дакладна нiколi не ведаў, на сёмым цi на восьмым паверсе была наша рэдакцыя, бо будынак вечна то рамантавалi, то штосьцi надбудоўвалi, то штосьцi перагароджвалi, i паступова ён ператварыўся ў нешта такое, да чаго нават сам Дэдал*, напэўна, не змог бы дадумацца. Каб трапiць да нас у студыю, трэба было падняцца па знадворнай жалезнай лесвiцы, прайсцi па доўгiм звiлiстым калiдоры, спусцiцца на некалькi прыступак, зрабiць паварот, зноў падняцца i нарэшце адолець яшчэ адну лесвiцу, якая вяла ў цесную пракураную каморку. Гэта i быў мой рабочы пакой.

* Дэдал - персанаж старажытнагрэчаскай мiфалогii, якi ўвасабляў тып унiверсальнага генiя.

Зрэшты, у чэраве гэтай пачварнай будынiны знаходзiлася яшчэ нейкая рэдакцыя. Праўда, калi я прыходзiў на работу, супрацоўнiкi гэтай рэдакцыi ўжо збiралiся дамоў i жыццё там замiрала.

Калi ж канчаўся мой працоўны дзень, я з цяжкасцю пераадольваў бясконцыя калiдоры i лесвiцы, якiя адгароджвалi мяне ад навакольнага свету, спускаўся ўнiз i шукаў у зацемненым холе дзверы на выхад. Звычайна тут, ля выхаду, у крэсле спаў нейкi чалавек. Я лiчыў, што гэта начны вартаўнiк. Аднойчы я заўважыў, што ён не спiць, i павiтаўся з iм, нiбы са старым знаёмым. Ён кiўнуў у адказ.

- Я вось адстраляўся ўжо, а вам доўга яшчэ? - запытаўся я.

I тут толькi я звярнуў увагу, што адно вока ў яго заплюшчанае, нават тады, калi ён не спiць.