Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 74
Уладзімір Арлоў
Зусім нядаўна яшчэ такое чыстае зорнае неба зацягнула хмарамі. Праз колькі хвілінаў за вокнамі цягніка ўжо шалела навальніца. Пад яе акампанемент Марціну сапраўды ўдалося заснуць неспакойным і, як яму ўяўлялася, неглыбокім чуйным сном, хоць насамрэч яго аднесла надзвычай далёка.
43
Марціну сніліся чорныя хвалі, за якімі знікаў бераг, і незлічоныя белыя чэраўцы мёртвых вужоў. Праз гэтыя хвалі, цяжка зыбаючыся і раз-пораз чэрпаючы ваду, ішла вялізная лайба, на якой ён прэзентаваў сваю кнігу. Усе месцы займалі маўклівыя жыхары браціслаўскага тэатральнага гатэльчыка, якія выправілі наперад курдупеля Любаміра. Той знячэўку падскочыў да Марціна, выхапіў у яго з рук кнігу і пад ухвальнымі позіркамі астатніх шпурнуў яе далёка ў хвалі, увачавідкі збіраючыся скінуць з лайбы і яго самога.
Марцін прахапіўся і прагна выпіў цэлую пляшачку вады. Мусіць, ён крычаў ува сне, бо Нільс кідаў на яго дзіўнаватыя позіркі. Марцін сабраўся выбачыцца, але не сказаў і двух словаў, як выдавец бесцырымонна абарваў:
Выдаўца нібы кімсьці падмянілі. На вакзале ён кіўком галавы паказаў Марціну цераз пляц на гатэль і моўчкі сеў у таксі, за стырном якога сядзеў чалавек, які выдаваў у профіль на шкіпера. Марцін злавіў сябе на тым, што не хоча ў гатэль і з радасцю пераначаваў бы на вакзале, але ўрэшце ўзяў сябе ў рукі.
44
Дзяжурная, зірнуўшы ў камп’ютэр, перапрасіла за нядаўнюю пажарную трывогу і дала яму ключ-картку ў той самы нумар. На стале чакала яшчэ адно прабачэнне — зялёная ваза з чорным вінаградам — такім, які пасля «пажару» стаяў пад гатэльнымі люстэркамі. Сёння Марцін ужо дзесьці бачыў дакладна такія ж гронкі. Але дзе? Думка не пакідала ў спакоі і пакуль ён, канчаткова цверазеючы, пераступаў з нагі на нагу пад халодным душам, і потым, калі ўключыў і выключыў, натрапіўшы на фільм жахаў, тэлевізар.
Марцін адшчыкнуў ад гронкі некалькі сакаўных, падалося, што ўжо п’янкіх ягад, і тады ўспомніў:
Ён выцягнуў з кішэні пінжака і няроўна разарваў па краі вялікую пакамечаную капэрту. Там ляжалі акуратна складзеныя карункавыя майточкі цёплага цялеснага колеру. З іх выглядваў ліст, напісаны па-англійску знарочыста буйным і чытэльным дзіцячым почыркам — відавочна, каб чужаземец усё зразумеў. Ён пачуў грудны ўніклівы голас, як быццам чытаў не ён, а сама Эма: