Читать «ТАНЦЫ НАД ГОРАДАМ» онлайн - страница 11
Уладзімір Арлоў
Котка была адзінай, хто падаваў голас. У астатнім яна ўспрымалася намі як роўня, хоць не мела ключа ад уваходных дзвярэй. Ды хто ведае…
13
Калі не лічыць Залацістай і Коткі, мы прыходзілі ў абутку, але танчылі басанож, і крыты руберойдам з бітумнымі швамі дах дзяліўся з намі назапашанай за дзень цеплынёю.
Канона не існавала, і ўсё адбывалася па-рознаму. Часам мы ўтваралі кола вакол Коткі, ды тая не заставалася на месцы, рухаючыся па ўласнай складанай траекторыі. Котка ніколі не блыталася пад нагамі, яна трымала дыстанцыю і таксама танчыла.
Мы пачыналі разам з музыкай. Спярша ў паветры тонка-тонка звінела невідочная страла, і з гэтым гукам дзесьці ўзлятала рука дырыжора. Музыка была нячутнай вуху, аднак запаўняла сабой усю прастору і цалкам брала ў сваю ўладу. Мелодыі нябесных сфераў… Вызначэнне мне не надта даспадобы, але лепшага знайсці не ўдалося. У маім уяўленні для нас гучалі санаты: імклівыя алегра, задуменна-павольныя андантэ, імпэтныя кантрастныя скерца…
Наш танец немагчыма дакладна апісаць, бо кожны аддаваўся яму па-свойму, ды існавала і тое, што яднала: тут не было старэйшых і малодшых, галоўных і тых, хто мусіў слухацца. Усе — роўныя, і гэта давала непараўнанае пачуццё лёгкасці і свабоды.
Спачатку мы рухаліся маленькім колам у адзін бок, потым, не згаворваючыся, паварочвалі ў іншы. Кола то пашыралася, то, наадварот, сціскалася так, што мы судакраналіся плячыма і рукамі. Кожны такі дотык быў неверагодна прыемны, нагадваючы адчуванне, калі я, малы, кранаў ручкаю маму. Праз нейкі час надыходзіла імгненне, калі мяне і — упэўнены — усіх астатніх працінала пачуццё вусцішнай самоты. Тады мы без усякае каманды бралі адно аднаго за рукі і Котка зноў выходзіла ў сярэдзіну.
Раз і назаўсёды зацвержанага парадку ў коле не існавала, мы мяняліся месцамі, і таму я памятаю рукі ўсіх танцораў. Маленькая і цёплая рука Гімнасткі здзіўляла моцнымі кароткімі пальчыкамі, якія я мог асцярожна перабіраць, адчуваючы, як яны адгукаюцца лёгкім паколваннем нябачных іголачак. Здаралася, мае ногі сустракаліся з ейнымі такімі ж маленькімі цёплымі ступакамі. Рукі Настаўніка таксама былі цёплыя і моцныя, аднак вялікія ды шурпатыя, а яшчэ — знаёмыя з дзённага жыцця, бо ён, спаткаўшы вучня ў школе або нават у горадзе, шторазу вітаўся за руку. Залацістая мела рукі надзіва далікатныя і амаль няўлоўныя, з ядвабнымі падушачкамі на пальцах, вакол якіх віхурыўся ветрык. Кіяскёрка ўражвала шорсткімі рукамі з мазалямі: відаць, не толькі гандлявала газетамі і часопісамі, але, думалася мне, часам садзіла памідоры і кветкі. Ейныя выцягнутыя далоні з доўгімі пальцамі неслі камфортны халадок і любілі злёгку сціскаць чужую руку, прынамсі маю, ад чаго па ўсім целе разлівалася хуткая гарачыня. Тое самае дзеялася, калі ногі сутыкаліся з сухімі лодачкамі яе ступакоў.