Читать «У чужой краiне» онлайн - страница 2
Уильям Сомерсет Моэм
— Вы жадалi мяне бачыць, сэр?
Яна была ангелька, i па гэтых некалькiх словах я беспамылкова распазнаў у яе лёгкi акцэнт кокнi.
— Я хачу падзякаваць вам за грэлку з цёплай вадой, — адказаў я, чамусьцi бянтэжачыся.
— Я ўбачыла ў кнiзе прыезджых, што вы ангелец, сэр, а я заўсёды прыношу грэлку з цёплай вадой ангельскiм панам.
— Шчырае вам дзякуй, яна была вельмi дарэчы.
— Я многа гадоў слугавала нябожчыку лорду Ормскiрку, сэр. Ён заўсёды падарожнiчаў з грэлкай. Вам яшчэ што-небудзь трэба, сэр?
— Пакуль што не, дзякуй.
Яна далiкатна пакланiлася i выйшла. А я доўга потым думаў, як магло здарыцца, што гэтая цiкавая пажылая ангелька апынулася гаспадыняй атэля ў Малой Азii. Было нялёгка завесцi з ёю знаёмства, яна добра ведала сваё месца, якое сама сабе вызначыла, i трымалася ад мяне на адлегласцi. Служба ў прыстойнай ангельскай сям'i не прайшла бясследна i наклала на сiньёру Нiкалiнi пэўны адбiтак. Але дзякуючы маёй настойлiвасцi, я ўрэшце быў запрошаны на кубачак чаю ў яе невялiчкую гасцiную. Я дазнаўся, што яна працавала пакаёўкай у нейкай лэдзi Ормскiрк, а сiньёр Нiкалiнi (толькi так дазваляла яна сабе называць нябожчыка мужа) служыў у маёнтку кухарам. Сiньёр Нiкалiнi быў вельмi прывабны мужчына, i ўжо некалькi гадоў да замужжа яна з iм сустракалася. Яны назбiралi патрэбную суму i пажанiлiся. Пакiнулi служыць i вырашылi купiць атэль. Прыдбалi гэтую гасцiнiцу па аб'яве, таму што сiньёр Нiкалiнi хацеў пабачыць свету. Гэта было амаль трыццаць гадоў назад, а ўжо пятнаццаць, як няма сiньёра Нiкалiнi. За ўвесь час удава нi разу не пабывала ў Ангельшчыне. Я пацiкавiўся, цi не сумавала яна па радзiме.
— Не скажу, што не хацела пабыць дома, хоць i ведала, што там многае змянiлася. Бацькi былi супраць майго шлюбу з чужаземцам, i з таго часу я не падтрымлiваю з iмi адносiн. Вядома, тут шмат чаго не так, як у мяне на радзiме. Дзiва, але надта хутка прызвычайваешся. Многа пабачыла я ў жыццi. Не ведаю, цi змагла б я жыць так сумна i нецiкава, як жывуць, напрыклад, у Лондане.
Я ўсмiхнуўся. Словы гэтыя анiяк не стасавалiся з яе манерамi. Яна была ўзорам этыкету. Неверагодна, што гэтая жанчына больш за трыццаць гадоў пражыла ў такой дзiкай, амаль варварскай краiне, i гэта на ёй не адбiлася. Хоць турэцкай мовы я не ведаў, а яна размаўляла на ёй лёгка, я быў упэўнены, што гаворыць яна з памылкамi, дый таксама акцэнт кокнi вельмi адчуваецца. Яна, прайшоўшы праз усе выпрабаваннi i дзякуючы здольнасцi нiколi не дзiвiцца, засталася той адпаведна выхаванай ангельскай служанкай, што добра ведае сваё месца. Успрымала ўсё, як нешта само па сабе зразумелае. Яна бачыла ў кожным неангельцы iншаземца, таму — амаль прыдуркаватага чалавека, што заўсёды трэба прымаць у разлiк. Яна кiравала сваiмi падначаленымi дэспатычна — няўжо яна не ведае, як у багатым доме старшая чэлядзь павiнна паказваць сваю ўладу над iншымi слугамi, што стаяць нiжэй? — i такiм чынам у атэлi заўсёды падтрымлiвалiся парадак i чысцiня.