Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 7
Юры Станкевіч
…Цяпер гаспадары «паляны» спяшаліся, і чарговы вуглавы, не раздумваючы, разыгралі кароткім пасам у адзін дотык. Мяч падхапіў паўабаронца Нумба — увішны мурын з шапкай заплеценых валасоў на галаве — дрэдамі, і пачаў змяшчацца да цэнтра, неблагім дрыблінгам абышоў паўабаронцу Віталя Шаўцова, а пасля аднаго з бекаў — Максім нават не паспяваў заўважыць каго, пракінуў мяч сабе пад удар, пад левую нагу. Знаёмы яго фінт для варатара. Максім памятаў гэта з папярэдняга прагляду відэазапісу. Тым не менш удар заспеў яго знянацку. Мяч пайшоў верхам, у правую дзявятку. Менавіта туды, захапіўшы, як рэзерв на паратунак, некалькі дзясятых доляў секунды і кінуў ён у скачку сваё цела. Ад рукі мяч зрыкашэціў у перакладзіну і непрадказальна вылецеў назад, у штрафную, куды ўжо набягалі і форварды гаспадароў, і свае бекі. У мітусні апошнія і выбілі мяч за бакавую.
«Сэйв!» — падумаў ён, падхопліваючыся з зямлі.
Стадыён зноў расчаравана ахнуў. Напруга крыху аслабела, але пільнасць, як ён адчуваў, не варта было губляць нават на імгненне. Не дарэмна, як ён ведаў, за дзевяноста хвілін матча варатар губляе ў вазе ад трох да пяці кілаграмаў.
Між тым, час хоць, на яго погляд, вельмі марудна, але няўмольна для гаспадароў, бег да перапынку. Няўмольна, бо ісці ў распранальню, не забіўшы гола, яны, гаспадары пляцоўкі, не жадалі. Пэўна, на гэта і была ўстаноўка іх трэнера. Забіць. Хоць бы адзін мяч. Тады і з’явіцца ўпэўненасць у сваіх сілах, і наадварот — пачуццё прыгнечанасці ў гасцей. Як ужо ведаў Максім — у спартыўнай прэсе прагназавалі вынікі дзвюх сустрэч. У мясцовых сродках масавай інфармацыі ў спартыўнай прэсе цалкам аддавалі перамогу сваёй камандзе, і, наадварот, лічылі іх, футбалістаў з невядомай Беларусі, — аўтсайдарамі, вартымі памяркоўнай паблажкі, ледзь не пагарды. Успрымалі трэцеразрадным заводскім клубам, які цудам прасачыўся ў плэй-оф Еўралігі, і то, дзякуючы зніжцы ўзроўню асабістага складу каманды, жаданнем даць адпачынак «асноўнікам» перад адказнымі матчамі. Букмекеры цалкам, нібы змовіліся — прымалі стаўкі на карысць гаспадароў пляцоўкі з максімальна завышаным каэфіцыентам.
* * *
Мяч зноў упарта затрымліваўся на іх палавіне поля. Максім бачыў, як паўабаронцы раз-пораз памыляліся і прайгравалі адзінаборствы. Хапала і тэхнічнага браку. «А што, калі ў гаспадароў выкінуць на замену, нібы чорцікаў з табакеркі, пару сваіх лепшых форвардаў, так званых „джокераў“?» — думаў ён.
Але да замены пакуль не даходзіла. Пару разоў яму білі з-за штрафной, метраў з дваццаці пяці. Максім даволі ўдала адбіў абодва ўдары. Прадчуваў, што самае цяжкае чакае яго наперадзе. Пачуццё адзіноты зноў ахапіла яго, але ненадоўга.
Надзея ўспыхнула ў ім, калі раптам пабачыў, як завабіліся атакай гаспадары і «праваліліся» іх абаронцы — адразу двое. Нападаючыя, нашыя хлопцы, праскочылі іх і апынуліся проста перад варотамі Жуля Дзюпона — галкіпера гаспадароў, але на іх ужо набягалі, вярталіся бекі. Не зусім падрыхтаваны ўдар хоць і з цяжкасцю, але выцягнуў з ніжняга вугла іх варатар. «Сэйв! — з павагай падумаў ён пра Дзюпона, — выдатны майстра».