Читать «Брамнік заўжды самотны» онлайн - страница 15
Юры Станкевіч
— Па-твойму, які-небудзь выскаляка на сцэне робіць для людзей больш? Я не ўпэўнены. І потым, футбол — маё прызванне. Тут ужо нічога не перагледзіш. Я сам захацеў гэтага.
— І твой анёл, які назваўся Херувімам, адобрыў? Так?
— Так.
— І ты верыш у такую лухту?
— Я толькі выказаў жаданне. А ён дапамагае яго здзейсніць. Я буду вялікім галкіперам. Можа, нават такім, як Чылаверт.
— Ну, спорт — гэта не тая мэта, да якой, на мой погляд, трэба імкнуцца. Большасць тых спартняжак к старасці проста вартыя жалю. Гаротныя, нікому не патрэбныя людзі. А дзе гарантыя, што ты не станеш такім? У той большасці?
— Так, я лічу, што ў тваіх словах ёсць нейкая рацыя. Але, толькі частка яе. Бадай што, пасля таго, як скончу выступаць ці ў выніку якога няшчаснага выпадку, траўмы — мне давядзецца застацца сам-насам з цяжкасцямі, і, магчыма, нікому з тых, хто цяпер апякае мяне, мае праблемы не вельмі будуць патрэбныя. Але брамнік, як я даўно зразумеў, часам адзінокі. Нават заўсёды самотны. Бо ён вартаўнік, і на ім адным адказнасць за тую браму, якую ён сцеражэ. Неістотна — якую. Прабач за рыторыку, але гэта па жыцці. І я пастараюся сустрэць пераход да новага жыцця падрыхтаваным. Буду вучыцца, магчыма, стану трэнерам. Урэшце, тое, што я здолею зарабіць за дзесяць — пятнаццаць год выступленняў, столькі я наўрад ці атрымаю, як адвакат, доктар, інжынер. Хіба што знакамітыя дураплясы маюць больш. Але які з мяне дурапляс?
— Па-мойму, гэта не зусім сур’ёзна. Не крыўдуй, але я пакуль не змагу прыняць тваю прапанову, — дзяўчына адсунула каробачку. — Яшчэ раз — не крыўдуй. Ты ўвесь час далёка, раз-пораз бяруць на спартыўныя зборы, цябе могуць прызваць і ў войска, а дзеўка з узростам, як кажа маці, «заляжалы тавар». Прабач.
Максім скамянела маўчаў. Ніколі б не падумаў, не чакаў такога. Раптам успомніў, спытаў:
— У цябе нехта з’явіўся? Гэта ён цябе падвозіў на «маздзе»?
— Так.
— І хто гэты шчаслівец, калі не сакрэт? Ці не з яго голасу ты зараз гаворыш?
— Хаваць не буду. Ён паспяховы бізнесовец. У сталіцы мае дзве крамы. На дзесяць год старэйшы. Але цікавіцца музыкай. Спявае. Кірыл нас пазнаёміў. Ну, я — такая вось аказалася. Не ідэал. Сцерва. Думай, што заўгодна. Застанёмся сябрамі? Хочаш — я табе і ўсю ноч ахвярую? Толькі скажы.
Слёзы нечакана з’явіліся на вачах дзяўчыны. Нешта ў яе словах было штучна нацягнутае, нейкі душэўны надрыў — ён гэта добра адчуваў. Ці кажа яна яму праўду? Нешта было не так.
— Я не супраць, — вырвалася ў яго пасля працяглага маўчання.
— Не думала, што ты згодзішся. Меркавала — «сядзеш на крыўду» і расход. Але я таксама не магу так лёгка з табой разысціся. Мы так даўно разам. Ну, што за жыццё такое клятае?
Максім задумаўся на секунду.
— Сёння цётка Люба паехала на лецішча. У яе там чатыры соткі. Вернецца праз суткі, не раней. Асобны пакойчык у яе кватэры мой, ты ж ведаеш, — прапанаваў ён.
— Тады вядзі. Куды хочаш. Толькі патэлефаную сваім, скажу, што затрымаюся ў сяброўкі.