Читать «Сузіральнік» онлайн

Андрэй Федарэнка

Андрэй ФЕДАРЭНКА

СУЗІРАЛЬНІК

Апавяданне

На тратуары цені ад дамоў, таму ідзеш, як па веліканскай шахматнай дошцы, з цёмнага квадрата ў светлы, ды яшчэ стараешся не наступіць на хвост голубу, які ўпарта бяжыць паперадзе, абмінаючы расчаўленыя іржава-аранжавыя рабінавыя ягады. Самі дрэўцы, некалі падрэзаныя і цяпер карлікавыя, з куксамі замест вершалін, растуць на газоне за метр ад праезджай часткі, і пад імі то нагінаецца ракам, то прысядае ў траве на кукішкі мужчына з цэлафанавым пакетам і засяроджана чыркае нешта сцізорыкам. Чародка школьнікаў перабегла вуліцу; у аднаго загіпсаваная па самыя пальцы правая рука — вісіць, падвязаная да шыі (як ён будзе пісаць? а мо ляўша?). Тарахцяць па тратуары газонакасілкі, штук шэсць цугам; у прычэпах флегматычныя касцы ў салатавых зеленбудаўскіх камізэльках, і малы гадоў чатырох застыў і не зводзіць з працэсіі круглых ад захаплення вачэй. «Мама, што гэта?!» — «Драндулеткі, — адказвае маці: — Хадзем», — але сын не можа адарвацца ад машынак і па складах паўтарае, укладваючы ў новае слова іншы, чым маці, сэнс: «Дран-ду-лет-кі», — у яго гучыць рамантычна, амаль як му­зыка. На рагу вуліцы, пад ліпамі, каля безыменнай крамкі чакаюць паратунку — васьмі раніцы — гаротнікі (не ўсе, значыць, паселі ў машыны і паехалі ў офісы), рыхтык як чакалі яго 10, 20, 30, і больш гадоў назад, хіба што тыя, даўнія, былі весялейшыя, расказвалі анекдоты, штораз прыкурвалі, бо танныя цыгарэты тухлі ледзь не пасля кожнай зацяжкі, і абавязкова знаходзіўся жартаўнік, які жаласліва канькаў, шморгаючы ручку дзвярэй: «Адчыні-і-це вароты ў царства-а нябеснае!» — а гэтыя, цяперашнія — маўклівыя, заклапочаныя, топчуцца ці сядзяць на нізкай агароджы кожны сам па сабе, унурыўшыся ў тэлефоны.

Даходжу да метро, дзе Pizzafoot, пах кавы і гарачых бліноў, музыка, сонца, столікі з попелкамі... Адсюль, з высокага месца, добра бачныя шкляныя дахі кунцаўскіх парнікоў. Неба адбіваецца ў іх, робячы сінімі, і аддалёк гэта так падобна на кавалачак мора! — поўная ілюзія якогась курорта, тым больш на мне шорты, майка, лёгкі абутак, ды і людзі вакол адзетыя па-летняму; адчуванне, нібы ідзеш паўднёвай раніцай на пляж, а мора павольна падымаецца табе насустрач, менавіта падымаецца — ад жоўтага берага да гарызонту.

Праз вуліцу на базарчыку гандлююць сырой і варанай кукурузай, апенькамі, грушамі, яблыкамі, памідорамі, вінаградам, персікамі, дынямі... Каля жоўтай бочкі з надпісам «Квас» два маладыя хлопцы ў шортах, з татуіроўкамі на загарэлых нагах і руках, прадаюць: адзін грэцкія арэхі, другі — слівы-венгеркі. «А вось яшчэ анекдот: дактары ўскрылі параненага Матаролу, а там усярэдзіне...» — далей не чую, спыняюся закурыць перад невялікай круглай клумбай. На ёй сярод хрызантэмак, настурцый, чарнабрыўцаў — усюдыісныя садовыя рамонкі (сімвал вясковай, ды і гарадской, беларускай восені), інакш — касмеі, белыя, ружовыя, пурпурныя, цёмна-чырвоныя, з касматымі, дробненькімі, як кроп, лісткамі. Над кветкамі завіслі дзве капусніцы і, трапечучы крыльцамі, сінхронна перамяшчаюцца ўверх-уніз і ўправа-ўлева.