Читать «Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 7

Уладзімір Бутрамееў

Танька. Ах, які смелы. Ды толькі на язык.

Хлопец. Падумаеш!

Хлопец падыходзіць да дзяўчат, запрашае адну з іх. Пачынаюць танцаваць. Хлопец і дзяўчына, якую ён запрасіў, смяюцца і пяюць прыпеўкі. Пачынае дзяўчына.

Ой, прыходзьце, хлопцы, ў сваты, Я жыву багата. Конь храмы у майго бацькі, Завалілась хата.

Хлопец працягвае:

Я мілога ўсё чакала Ды не дачакацца, Як ён возьме мяне замуж — Буду папраўляцца.

Танька (хлопцу). Дурань!

Усе танцуюць, уваходзіць бацька Веркі, вечарынка ў яго хаце.

Зуёк. Усё, усё, хопіць. Пара дахаты.

Дзяўчаты (у адзін голас). Дзядзечка Пятрок, рана яшчэ, ну зусім жа рана.

Зуёк. Усё. Ні-ні. Вы б ноч скакалі, як козы.

Дзяўчаты. От яшчэ крышачку… 

Зуёк. Пагулялі, хопіць. Спаць даўно пара, заўтра працаваць. Добрыя людзі ўжо малаціць пачалі.

Хлопцы. Багатым, дзядзька Пятрок, будзеш, як малаціць да Пакравоў збіраешся.

Зуёк. От каб ты гэтак у полі, як языком.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Ні-ні!

Хлопцы. Дзядзьку Петраку кавалеры ды жаніхі больш не патрэбны, ён на хутаранскіх спадзяецца.

Усе смяюцца.

Зуёк. А хутаранскія не такія лайдакі, як ты. Вось сустрэну бацьку, ён табе пасмяецца, лейцамі.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Усё, сказаў усё, дык усё! А то другі раз не пушчу. Бач, разыграліся.

Усе разыходзяцца і пяюць прыпеўкі.

Танцаваць вам сёння хопіць, Паясніца забаліць, Прыхадзіце лепей заўтра, Падсабіце малаціць.

Адзін з хлопцаў працягвае:

Як у дзядзькі Петрака Поўна дзевак хата, Вось аддам усіх іх замуж, Зажыву багата.

Зуёк (нязлосна). От чэмера табе ў бок, зубаскал. От каб цябе…

Застаюцца сем дачок Зуйка і Танька.

(Дочкам). Кладзіцеся спаць. Верка, прыбярыце тут. От каб да работы гэтак, як да гэтых скокаў.

Зуёк выходзіць разам з дочкамі за шырму. Верка і Танька мятуць падлогу.

Танька. А мо здарылася што дома, ці мала што можа… Ды і сапраўды — кожны раз за дзесяць вёрст…

Верка. Дык і той раз.

Танька. Дык перадаваў жа, што не прыйдзе.

Верка. А еты раз наадварот казаў — чакай, абавязкова прыйду, раскажу, як…

Танька (хуценька). Што раскажа?

Верка (зразумеўшы, што прагаварылася). Што… Ну… Ну, як там убраліся…

Танька. Як убраліся? Ды ўжо ж убраліся. Можа, і малаціць пачалі. От пойдзеш за Андрэя — наробішся. У Аўдзея ад цямна да цямна.

Верка. Не за Аўдзея ж я пайду.

Танька. Так ён і аддзеліць вас.

Верка. Ды за Андрэем нічога не страшна.

Танька. А Мішка так і падкатваецца да цябе.

Верка. Дурань. Я Андрэя ні на каго не памяняю.

Сядаюць на лаву ля акна.

Не ведаю, што са мною творыцца. Хаджу, як у сне. Учора бацька трасе за плячо — крычыць у вуха, а я нічога не чую… А трэцяга дня як убачыла яго — дык так бы, здаецца, і паляцела, толькі рукамі махні — і паляціш!

Танька. Ой, Верка, як я табе зайздрошчу! А тут няма анікогачкі! У той вечар Колька Сыпункоў пайшоў праводзіць — і адразу цалавацца лезе… Во дурань, а? Яму-то што… А Мішка пра цябе ўсё гаворыць, маўляў, хутаранскі, дык за ім следам, маўляў, багатыя…