Читать «Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 19

Уладзімір Бутрамееў

Аўдзей дае яшчэ грошы, забірае абрэз.

Аўдзей. А патроны?

Сват. Ён зараджаны — там сем патронаў. А астатнія я высыпаў. От гэтага дабра… Прыйдзеш да мяне, забярэш, колькі хочаш. Толькі абрэзам не дапаможаш… Лепш павініся…

Аўдзей. Павініцца? У чым гэта я вінаваты?

Сват. Чуў я… Расказвалі… Калі спіс гэты пісалі, цябе быццам першага і ўпісалі… А сёння быццам еты спіс зацвердзілі на засяданні.

У баку ад стала стаіць на каленях стары, бацька Аўдзея, і чытае на ноч малітву. Голас за сцэнай паўтарае асобныя словы.

Бацька Аўдзея (чытае малітву). «Госпадзі, прэклаі ўхо твае і ўслыш смірэннае моленіе. Не допусці прецерпеці распяціе і ўбіеніе, яко ты вынес за нас на кресце. Спасі людзі твая і душы, і цела іх, і благасастаяніе іх, і бліжніх іх, ахрані мірам всякага раба сваего в поце ліца кресцьянствуюшчэго на земле… Спасі і памілуй і ненавідзяшчых мяне, і абіжаюшчых мяне, і тваряшчых мне напасці, і разграбляюшчых мяне і не оставі іх пагібаць в ослепленіі грэха іх… Святый Божа, святый крэпкій, святый бяссмертный, памілуй нас. I ныне, і прісна, і во векі веков. Амінь».

Сват (задумаўшыся). Ты баб жыта жаць раней наймаў?

Аўдзей. Наймаў.

Сват. Вось за гэта і ўпісалі ў спіс.

Аўдзей. Дык тады ж ніхто не забараняў. А хто гэта ведаў, што потым забароняць?

Сват. Ніхто не ведаў. А выйшла ксплуатацыя. А я не наймаў. Не, я не наймаў, сваток!

Аўдзей. Таму што ты сквапны, а я лепш грошы заплачу, абы хутчэй убрацца па восені. I бабы ж самі просяцца, ім-то заробак.

Сват. Гэта так. Але я не наймаў. Не. Я не наймаў, а ты наймаў. Таму ты і ў гэтым спісе. Хто ведаў, а во як выйшла. Ты суседу свайму, Сцяпану, пшаніцы пазычыў паўмеха?

Аўдзей. Пазычыў.

Сват. А назад хацеў цэлы мех узяць?

Аўдзей. Ты што? З неба зваліўся? Не ведаеш, што паўмеха па вясне каштуе як мех па восені? Ды і дамаўляліся.

Сват. Я-то ведаю. Але цяпер гэта спікуляцыя. Ты ж хацеў і пабіць яго, а ён — бедната. А я нікога не біў, не наймаў — а баюся! Коней прадаў, карову адну пакінуў, у калгас запішуся, бо баюся, лепш у калгас, чым у Сібір. I ты падумай, Аўдзей! Пра дзяцей падумай, пра род падумай! Усе ўсё прадаюць, што ў каго ёсць.

Аўдзей. Дык вось чаму яны мне малатарню за палову грошай прадалі. Але я ад свайго не адмоўлюся. Я свайго не аддам!

З вуліцы чуваць грукат у вароты.

Сват (спалохана). Хто гэта?

Аўдзей. Мабыць, Зуёк. Дзеўкі хапіўся.

Сват. Якой дзеўкі?

Аўдзей. Сватаў сёння ў яго дачку, а ён не даў. А дзеўка ўвечары сама прыбегла.

Сват (з цікавасцю). Брухатая?

Аўдзей. Здаецца, не.

Сват. У Зуйка зяць у каміцеце. Вось ты яго і спытай. Ён павінен ведаць.

Аўдзей. Дык вось чаго ён дачку пабаяўся аддаваць, ён ведаў!

Зноў чуваць грукат у дзверы.

Сват (спалохана). Адзін гэтак не грукоча.

Аўдзей. Пойдзем.

Абодва выходзяць.

Карціна шостая

У двары злева бачны ганак хаты, за вуглом хаты — агароджа. Справа ў далёкім куце сцэны высокія дубовыя вароты, у абодва бакі ад іх цягнецца агароджа, Аўдзей і сват выходзяць з хаты. У вароты зноў грукочуць.

Аўдзей. Што трэба?